Для сачэння за асуджанымі ў Беларусі будуць выкарыстоўваць беспілотнікі


Пералік тэхнічных сродкаў, якія супрацоўнікі пенітэнцыярных устаноў могуць выкарыстоўваць для «нагляду і кантролю» за асуджанымі, зацверджаны пастановай Міністэрства ўнутраных спраў № 176 і апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 22 чэрвеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

У дакуменце ідзе размова пра пералік аўдыёвізуальных, электронных і іншых тэхнічных сродкаў нагляду і кантролю, якія маюць права выкарыстоўваць супрацоўнікі папраўчых устаноў. Пералік падзелены на дзве часткі: для папраўчых устаноў адкрытага тыпу (хімія), і папраўчых устаноў (калонія).

У пераліку сродкаў нагляду папраўчых устаноў адкрытага тыпу, у адрозненні ад калоніяў, адміністрацыя можа выкарыстоўваць электронныя бранзалеты, стацыянарныя і мабільныя кантрольныя прылады, а таксама рэтранслятары.

У калоніях жа адміністрацыі дазволілі выкарыстоўваць інтэграваныя сістэмы бяспекі, беспілотныя лятальныя апараты, а таксама «глушылкі» сотавай сеткі сувязі і сувязі з дронамі.

Усё гэта, згодна з дакументам, прымяняецца для «папярэджання ўцёкаў і іншых злачынстваў, парушэнняў устаноўленага парадку адбывання пакарання, а таксама атрымання неабходнай інфармацыі аб паводзінах асуджаных».

Нагадаем, што забарона на захоўванне і выкарыстанне беспілотных лятальных апаратаў у Беларусі пачала дзеяць з 28 сакавіка 2024 года. Адпаведны ўказ быў прыняты ўвосень 2023 года.

Цяпер завоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб цывільных беспілотнікаў дазволеныя толькі арганізацыям і ІП у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці з захаваннем патрабаванняў, вызначаных указам.

Усім уладальнікам беспілотнікаў неабходна было іх прадаць або перадаць бязвыплатна ў Белаэранавігацыю, Беларускі Чырвоны Крыж або ініцыятыву «Крылы».

Hавiны
МУС: на пратэстах у Беларусі могуць быць выкарыстаныя беспілотнікі
2023.03.18 18:20

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў