Суполка «Жыве Беларусь» стала «экстрэмісцкім фармаваннем» і эвакуацыя былой палітзняволенай


«Белсат» вядзе хроніку палітычнага пераследу, які з асаблівым цынізмам і жорсткасцю чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі.  

Алеся Буневіч апублікавала сваё фота ўз’яднання з сям’ёй пасля эвакуацыі.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Былая палітзняволеная Алеся Буневіч, якая ў траўні 2024 года цалкам адбыла свой тэрмін і выйшла на волю, была эвакуяваная з Беларусі і ўз’ядналася з сям’ёй. Алесю затрымалі ў красавіку 2022 году падчас вяртання з Літвы ў Беларусь і абвінавацілі ў намерах дапамагчы «рэйкавым партызанам» выехаць з Беларусі. 17 лістапада 2022 года ёй прысудзілі 3,5 года калоніі, але сваёй віны яна не прызнала. На апеляцыі, якая прайшла 31 студзеня 2023-га, прысуд зменшылі на год.

26 чэрвеня а 9-й раніцы на вуліцы Усходняй у Менску трое ў цывільным жорстка затрымалі хлопца, паваліўшы яго на змялю. На крыкі аб дапамозе выйшла ягоная маці, якой сказалі, што вязуць хлопца ў Першамайскі РУУС. Праваабаронцы паведамляюць, што затрыманага клічуць Аляксандр.

На канале сілавікоў з’явілася відэа затрымання яшчэ аднаго мужчыны. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах 2020 году, а таксама ў падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Вядома, што мужчына працуе ў страхавой кампаніі. Затрымлівалі яго супрацоўнікі атрада «Беркут».

1 ліпеня адбудзецца суд над адным з найлепшых трэйлранераў Беларусі Ільём Гумбарам. Трэйлранінг – гэта бег на вялікія дыстанцыі па перасечанай мясцовасці, часта гэта непралазныя лясы або высокія горы (у межах трасы перапады вышыні могуць сягаць тысяч метраў). Ілью абвінавачваюць паводле двух артыкулаў: «Фінансаванне экстрэмісцкага фармавання» (арт. 361-2 КК у рэдакцыі да 26.05.2021) і «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК).

26 чэрвеня Міністэрства ўнутраных справаў сваім рашэннем прызнала суполку «Жыве Беларусь» у «Вконтакте» «экстрэмісцкім фармаваннем». У рашэнні ведамства адзначаецца, што дачыненне да суполкі маюць Цярпілоўскі Юрый, Кондрусь Уладзімір, Рэдзікульцава Катажына і грамадзянін РФ Лаеўскі Міхаіл.

Палітвязня Эдуарда Бабарыку 9 ліпеня будуць судзіць па новай крымінальнай справе. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі») – артыкуле, паводле якога зняволеным могуць да бясконцасці дадаваць новыя тэрміны. Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. Эдуарду да 8 гадоў зняволення, на якія ён быў асуджаны ў ліпені 2023 года, могуць дадаць яшчэ 2 гады зняволення.

Менскі гарадскі суд прысудзіў за ўдзел у акцыях пратэсту і данаты 5,5 гадоў настаўніцы менскай гімназіі Дар’і Хмяльніцкай. Прысуд быў вынесены яшчэ 29 красавіка, аднак вынік суда стаў вядомы толькі цяпер. Дар’ю абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і ч. 2 арт. 361-3 КК («Фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі іншай дзяржавы ў вайне»).

Суд Ленінскага раёну Магілёва асудзіў на адзін год і шасць месяцаў калоніі Алену Дуброўскую за негатыўны каментар пад фатаграфіяй Лукашэнкі ў чаце. Алену судзілі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Абвінавачванне сцвярджала, што Алена пад постам з фатаграфіяй Лукашэнкі, апублікаванай у чаце, прызнаным «экстрэмісцкімі матэрыяламі», размясціла каментар з негатыўнай ацэнкай асобы Лукашэнкі, які «змяшчае ненарматыўную форму маўленчага выказвання».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў