Святлана Ціханоўская сустрэлася з Жузэпам Бурэлем. Абмяркоўвалі візы і легалізацыю


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская сустрэлася ў Бруселі з вярхоўным прадстаўніком ЕЗ у справах замежнай палітыкі Жузэпам Бурэлем. Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускай лідаркі.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай і Жузэпа Бурэля адбылася ў межах працы Кансультацыйнай групы «Беларусь – Еўразвяз». Абмяркоўваліся працяг і павелічэнне падтрымання грамадзянскай супольнасці Беларусі, прыцягненне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці, развіццё працы Кансультацыйнай групы, супраца ў супрацьдзеянні прапагандзе, а таксама прасоўванне еўрапейскага выбару сярод беларусаў.

«Асобна ўздымалася пытанне працягу выдачы шэнгенскіх візаў і дапамогі з легалізацыяй беларусаў і беларусак у выгнанні. Рабіўся акцэнт на важнасці адкрытых межаў і мабільнасці тых, хто застаецца ўнутры краіны», – гаворыцца ў заяве прэс-службы Ціханоўскай.

Паведамляецца, што напрыканцы сустрэчы Жузэп Бурэль прапанаваў правесці беларуска-еўрапейскую канферэнцыю на тэму пераадольвання крызісу ў Беларусі.

Кіраўнік дыпламатыі ЕЗ пракаментаваў сустрэчу з Ціханоўскай на сваёй старонцы ў сацсетцы X.

«Прыемна зноў сустрэцца са Святланай Ціханоўскай. Я выказаў сваю ўдзячнасць за працу дэмакратычных сілаў пад ейным кіраўніцтвам і пацвердзіў салідарнасць і падтрыманне ЕЗ усіх, хто змагаецца за свабодную і дэмакратычную Беларусь», – зазначыў Жузэп Бурэль.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў