На беларуска-латвійскай мяжы знайшлі мёртвага мігранта з Індыі


25 чэрвеня полацкія памежнікі знайшлі на беларуска-латвійскай мяжы цела мігранта, паведамляе Памежны камітэт Беларусі.

Дакументы, знойдзеныя недалёка ад цела загінулага мігранта.
Фота: скрыншот з відэа / Следственный комитет Беларуси / Telegram

Паводле беларускіх памежнікаў, мужчына быў у спальным мяшку ў джынсах і майцы, але без абутку.

У рэчах мужчыны знайшлі пашпарт і пасведчанне кіроўцы на імя 44-гадовага грамадзяніна Індыі.

Памежны камітэт адзначае, што адлегласць ад цела мігранта да брамкі для жывёлаў у латвійскай памежнай агароджы складае 150 метраў.

На месцы працавала следча-аператыўная група.

Следчы камітэт Беларусі сцвярджае, што з пачатку года на беларуска-латвійскай мяжы загінулі 11 мігрантаў.

Нагадаем, што цягам апошніх месяцаў на мяжы Беларусі з заходнімі краінамі разгарнуўся чарговы этап маштабнага мігранцкага крызісу, арганізаванага рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Асаблівая актывізацыя спробаў незаконнага пераходу мяжы назіраецца на беларуска-польскім кірунку. Колькасць спробаў перайсці мяжу толькі ў траўні дасягнула сямі тысячаў выпадкаў.

У праваахоўных органах Польшчы зазначаюць, што расце не толькі колькасць мігрантаў, што спрабуюць прарвацца праз мяжу, але і іхная агрэсіўнасць. Паведамлялася пра шэраг выпадкаў, калі польскія жаўнеры атрымлівалі раненні ў выніку нападу мігрантаў.

28 траўня сталася вядома, што мігрант, які спрабаваў нелегальна трапіць з Беларусі ў Польшчу, напаў з нажом на польскага жаўнера. Раненне было сур’ёзнае, вайскоўца даставілі ў шпіталь, 6 чэрвеня ён памёр. Гэта стала нагодай для абмеркавання пытання поўнага закрыцця межаў паміж Польшчай і Беларуссю. Цалкам верагодна, што, калі Польшча зробіць такі крок, то за ім могуць быць адпаведныя захады і з боку краінаў Балтыі.

Каментар
Котаў: Або Кітай націсне на Лукашэнку, або пабудова жалезнай заслоны прыспешыцца
2024.06.24 21:09

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў