Арменія не будзе браць сёлета ўдзелу ў «Славянскім базары»


Дэлегацыя Арменіі не будзе браць удзелу ў конкурсе «Славянскі базар». Пра гэта паведаміў кіраўнік афіцыйнай армянскай дэлегацыі штогадовага міжнароднага конкурсу «Славянскі базар», дырэктар Ерэванскага дзяржаўнага каледжу культуры і мастацтва імя Шарля Азнавура Врэж Кіракасьян.

Прадстаўніца Арменіі Маша Мджаян атрымала Гран-пры на конкурсе «Славянскі базар» у 2023 годзе.
Фота: armenpress.am

«Усе народы свету аб’ядноўвае адна мова – культура, значыць, немагчыма не ацаніць армяна-беларускія культурныя сувязі, створаныя цягам многіх гадоў. Мы поўныя надзеі, што ўзніклая палітычная бязладзіца ў найбліжэйшай будучыні будзе развязаная праз любоў і салідарнасць, і сяброўскія стасункі паміж двума народамі прадоўжацца», – падкрэсліў Врэж Кіракасьян.

Сёлета прадстаўніцамі Арменіі на конкурсе мусілі быць пераможца шматлікіх конкурсаў спявачка Сюзана Мэлканьян і дзевяцігадовая Яна Стэпаньян.

Нагадаем, што прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні іншыя афіцыйныя прадстаўнікі Арменіі не наведаюць Беларусь да таго часу, пакуль ва ўладзе застаецца Аляксандр Лукашэнка. Гэтая заява была зробленая пасля выказванняў Лукашэнкі наконт вайны ў Карабаху.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў