Уладзімір Астапенка будзе выконваць абавязкі прадстаўніка АПКБ у замежных справах


26 чэрвеня Уладзімір Астапенка прызначаны выконваючым абавязкі прадстаўніка ў замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі на месца Валера Кавалеўскага, які склаў свае паўнамоцтвы.

Уладзімір Астапенка.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Пастанову аб прызначэнні Уладзіміра Астапенкі прыняла кіраўніца АПКБ Святлана Ціханоўская.

Яна таксама падзякавала Валеру Кавалеўскаму за працу і пракаментавала змены ў кіраўніцтве прадстаўніцтва.

«Удзячная Валеру Кавалеўскаму за тры з паловай гады супольнай працы, спачатку ў Офісе, а потым і ў Кабінеце. Сярод іншага, Валер Георгіевіч уздымаў пытанне Беларусі на міжнародных форумах і ў арганізацыях, наладзіў працу Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі, дапамагаў развязваць пытанні беларусаў за мяжой», – адзначыла Святлана Ціханоўская.

Уладзімір Астапенка да гэтага часу быў намеснікам Валера Кавалеўскага і кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі.

У 2020 годзе Уладзімір Астапенка падаў заяву аб вызваленні з пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Беларусь у Аргентыне, заявіў пра шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабодаў грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязацельствах, відавочныя і грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Нагадаем, што сёння стала вядома, што Валер Кавалеўскі складае з сябе абавязкі намесніка кіраўніцы і прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах. Сваю пастанову Валер Кавалеўскі патлумачыў тым, што на гэтым кірунку ў яго «з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі».

Каментар
«Пакуль ніякіх планаў няма». Валер Кавалеўскі пра адыход з Аб’яднанага пераходнага кабінету
2024.06.26 15:25

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў