Таварыш Лукашэнка, малю, ідзіце даіць кароваў

На мінулым тыдні прапагандыст Ігар Тур патлумачыў крыважэрнасць свайго гаспадара. Маўляў, «моцная ўлада не можа дапускаць патрабаванняў да сябе». Але, ёсць, як той казаў, нюанс. Моцнай уладзе рэпрэсаваць нікога не трэба, бо яна ўпэўненая ў тым, што робіць. Яна не мусіць трымаць гэтую самую ўладу на штыхах і аўтаматах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Карова, якую падарылі Аляксандру Лукашэнку падчас наведвання адной з фермаў аграпрадпрыемства «Савушкіна прадукту» ў Маларыцкім раёне Берасцейскай вобласці, Беларусь. 15 жніўня 2016 года.
Фота: БелТА

Тады як «крэпкі арэшак» быў гатовы і пастраляць у свой жа народ, у беларусаў. Нават праз чатыры гады ад пратэстаў 2020-га страх у гэтай нібы моцнай улады такі, што за кожную дробязь закочваюць беларусаў у асфальт. Вось і ўся моц, якая выключна ў сіле і гвалце. Тое ж, што беларусы проста хочуць па-людску жыць, для прапагандысцкіх мазгоў Тура ўжо лішняе.

«Патрабаванні ў рацыянальна аўтарытарнай улады імгненна мусяць выклікаць рэпрэсіі ў дачыненні патрабавальнікаў. І сутнасць не ў людзях і не ў канкрэтна іхных патрабаваннях. А ў захаванні сістэмы, якая ўвесь час функцыянуе ў стане эфектыўнага балансу і стабільнасці», – кажа прапагандыст Ігар Тур.

Усё проста: галоўнае – трымацца сінімі пальцамі, пакуль не вынесуць разам з фатэлем. Істотна, каб стабільна функцыянавала сістэма, на якую нібы рабы мусяць ціхенька працаваць мільёны беларусаў і нічога не патрабаваць. Інакш літасцівы цар адразу робіцца жахлівым.

Дзеля выключэння ўладу можна пра што-небудзь папрасіць. Я дадаў бы, што лепей прасіць на каленях, паўзці, чапляцца за штаніну ўзурпатара. І калі для прыкарытных служак, як Тур, у гэтым няма нічога новага і ганебнага, то для большасці беларусаў – гэта сорам, ад якога не адмыцца.

Ну а калі патрабаваць забаронена, калі за гэта караюць, народу нічога не застаецца, як спаліць такую ўладу разам з фатэлем. За такія парады прапагандыстаў яны мусяць адказваць разам з іхнымі ўладальнікам. Ну і нічога не патрабаваць, толькі прасіць у трыбуналу літасці: для іх жа прасіць – нічога новага.

Калі ўжо з краіны стварылі турму, дык і правілы турэмныя. Згадалася ў Салжаніцына: «Не вер, не бойся, не прасі!» Нягледзячы ні на што, трэба захаваць у сабе чалавека. У беларусаў атрымаецца, а вось у вас, прапагандысты, што верашчыце і рохкаеце, ужо такога шанцу няма. Таму ў гэтай бездані вы да канца.

Я яшчэ нагадаў бы пра такую рэч, як Канстытуцыя. Цытаваць адтуль можна шмат, нават з той версіі, якую пад сябе змяніў узурпатар. Ну вось хаця б другі і трэці артыкулы: «чалавек, ягоныя правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі ёсць найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы» і «адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь ёсць народ».

Пісалі да дэмакратыі, а самыя вешаеце лаўры на рэжым аўтарытарны. Капайце глыбей – таталітарны. Хаця, вось як паслухаеш, дык Лукашэнка – галоўны рамантык краіны. На гэтым тыдні на ферме ў Дзяржынскім раёне выказаўся:

«Лепшае працы няма. Запомні. Я гэта ўсё прайшоў. Мне сняцца начамі людзі, з якімі я працаваў. Сняцца каровы. Я іх ноч даю. Лепшага няма. Ніякае прэзідэнцтва…»

То паслухайце, таварыш Лукашэнка, не патрабую, а проста малю і прашу, хочаце – на калені стану: ідзіце даіць кароваў. Няхай сны зробяцца яваю. І Тура забірайце ў той кароўнік.

belsat.eu 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў