У Менску асудзілі міліцыянта за зліў за грошы персанальных звестак


23 лютага суд Першамайскага раёну прыгаварыў экс-кіраўніка ўзводу ДПС ДАІ Салігорскага райвыканкаму маёра Уладзіміра Гелескула да трох гадоў калоніі і 14 тыс. рублёў штрафу, піша «Наша Ніва» са спасылкай на банк судовых пастановаў і выракаў.

Уладзімір Гелескул. Скрыншот эфіру салігорскага тэлебачання

Уладзіміра Гелескула прызналі вінаватым паводле артыкулаў аб незаконных дзеяннях у дачыненні персанальных дадзеных (ч. 1 арт. 203-1 КК), падбухторванні да дачы хабару (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 431 КК), злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі (ч. 2 арт. 424), махлярстве (ч. 3 арт. 209 КК).

У 2020 годзе сілавік тэлефанаваў у міліцыю, каб паведаміць пра «антыпалітычныя» надпісы. Да 2022 года Гелескул займаў пасаду кіраўніка ўзводу ДПС ДАІ Салігорскага райвыканкаму. Пасля яго панізілі да інспектара.

Таксама ў 2022 годзе да Гелескула звярнуўся бізнесмен. Ён папрасіў міліцыянера знайсці чалавека, які схаваўся з ягонымі грашыма. Той пагадзіўся дапамагчы за сем тысяч долараў.

Пасля гэтага Гелескул паспрабаваў пашукаць чалавека ў базах АІС «Пашпарт» і АІС «ДАІ», але таго не існавала. Тады міліцыянер запытаў тры тысячы долараў для дадатковага пошуку. У агульнай суме Гелескул атрымаў 9500 долараў за гэтую ўгоду.

У выніку міліцыянер знайшоў падобнага чалавека і перадаў непраўдзівую інфармацыю бізнесмену.

Наступным разам на Гелескула выйшлі міліцыянты. У сакавіку 2023 года яны папрасілі чалавека пазнаёміцца ​​з Гелескулам і прапанаваць таму знайсці ўладальніка аўта. Гелескул ізноў пагадзіўся зрабіць працу за сем тысяч долараў. Інфармацыю Гелескул дастаў, але ў красавіку яго затрымалі пры атрыманні хабару.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў