Пэнтагон: ЗСУ могуць біць зброяй ЗША па ўсёй тэрыторыі РФ


ЗША дазволілі Украіне выкарыстоўваць амерыканскую зброю для нанясення ўдараў па любых расейскіх сілах, што атакуюць праз мяжу, а не толькі па размешчаных у зоне Харкава. Пра гэта ў чацвер, 20 чэрвеня, заявіў прэс-сакратар Пэнтагону, генерал-маёр ВПС ЗША Патрык Райдэр, піша «Politico».

Вайна ва Украіне
Украінскія вайскоўцы.
Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

«Здольнасць адкрываць агонь у адказ – вось на што накіраваная гэтая палітыка. Калі мы бачым, што расейскія войскі вядуць агонь праз мяжу, Украіна можа адкрыць агонь у адказ па гэтых наземных сілах, выкарыстоўваючы боепрыпасы, атрыманыя ад ЗША», – прыводзіць ягоныя словы агенцтва «Reuters».

Райдэр абгрунтаваў гэта тым, што дзеянні ўкраінскага войска ў такім выпадку ёсць «самаабаронай», «таму ім варта мець такую ​​магчымасць», растлумачыў ён.

Раней падобным чынам у інтэрвʼю амерыканскаму тэлеканалу PBS выказаўся памочнік прэзідэнта ЗША ў справе нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван. Адказваючы на ​​пытанне журналісткі наконт дапушчальнасці ўдараў па тэрыторыі Расеі з выкарыстаннем амерыканскага ўзбраення, прадстаўнік Белага дому заявіў:

«Рэч не ў геаграфіі. Рэч у разумным сэнсе. Калі Расея атакуе або збіраецца атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі, то ёсць сэнс дазволіць Украіне нанесці ўдар у адказ па сілах, што бʼюць па ёй праз мяжу», – дадаў Саліван.

У канцы траўня на фоне ўзмацнення расейскіх удараў па Харкаўскай вобласці шэраг краінаў дазволіў Украіне, якая абараняецца ад уварвання РФ, выкарыстоўваць дадзеную імі зброю, каб атакаваць вайсковыя абʼекты на расейскай тэрыторыі.

У адказ Масква прыгразіла ЗША «фатальнымі наступствамі» пастановаў, датычных выкарыстання Украінай перададзенай ёй амерыканскай зброі. Уладзімір Пуцін заявіў пра магчымасць «асіметрычнага адказу» Захаду.

Прэзідэнты ЗША і Украіны Джо Байдэн і Уладзімір Зяленскі 13 чэрвеня падчас саміту «Вялікай сямёркі», куды быў запрошаны і ўкраінскі лідар, падпісалі двухбаковае пагадненне аб бяспецы на 10 гадоў. У ім няма абавязанняў ЗША наконт адпраўлення амерыканскіх вайскоўцаў для абароны Украіны і якіх-небудзь фінансавых абавязанняў Вашынгтону перад Кіевам.

Тым не менш, у пагадненні гаворыцца, што ў выпадку ўзброенага нападу на Украіну або пагрозы такога нападу высокапастаўленыя чыноўнікі ЗША сустрэнуцца з украінскімі калегамі цягам 24 гадзінаў, каб абмеркаваць захады рэагавання і пастаўкі, патрэбныя Украіне для абароны.

Байдэн адзначыў, што гэта пагадненне – адзін з крокаў на шляху Украіны ў Паўночнаатлантычны альянс. Раней аналагічныя дамовы аб бяспецы падпісалі з Украінай 15 іншых краінаў, у тым ліку Нямеччына, Францыя і Вялікая Брытанія.

Нагадаем: паводле інфармацыі «The Guardian», першыя перададзеныя Украіне самалёты F-16, што прыбудуць улетку, будуць абараняць Харкаў.

Каментар
Што дасць Украіне дазвол на прымяненне заходняй зброі па аб’ектах у РФ?
2024.05.31 21:42

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў