Хапун у Фаніпалі і на Лідскім ліцейна-механічным заводзе


«Белсат» працягвае штодзённую хроніку рэпрэсій, якія ніяк не спыняюцца з 2020 года і канца якім, на жаль, пакуль не відаць.

Сілавікі зладзілі «хапун» у Фаніпалі, затрымаўшы шасцярых чалавек. Усім выстаўленыя абвінавачанні ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту. Паводле папярэдняй інфармацыі, сярод затрыманых Андрэй і Ірына Шайкоўскія, Вікторыя Янушкевіч, Іван Мельнік.

Затрыманыя ў Фаніпалі.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Затрыманні таксама прайшлі на Лідскім ліцейна-механічным заводзе. Некалькі чалавек былі затрыманыя прама на працоўных месцах. У праўладным тэлеграм-канале сцвярджаецца, што затрыманыя распаўсюджвалі «экстрэмісцкія матэрыялы» ў сваіх сацсетках.

20 чэрвеня ў Менску прайшоў суд над двухразовай чэмпіёнкай Беларусі па тэквандо, пісьменніцай і хірургіняй Аленай Церашковай. Яе абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту ў 2020 годзе (ч. 1 арт. 342 КК) і прызначылі тры гады «хатняй хіміі». Алена – маці чацвярых дзяцей, сястра актывіста і палітвязня Максіма Вінярскага, асуджанага на 5 гадоў пазбаўлення волі.

Палітвязню Аляксандру Гашнікаву, асуджанаму да 14 гадоў зняволення, узмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Яго затрымалі ў 2021 годзе па справе «Рабочага руху» і ў 2023 годзе асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім»). Аляксандр Адбываў тэрмін у наваполацкай калоніі № 1.

У праўладных тэлеграм-каналах з’явілася паведамленне аб затрыманні менчука Глеба Нікановіча. Падставай стаў ягоны ўдзел у акцыях пратэсту. Таксама маладога чалавека абвінавацілі ў каардынацыі пратэстаў, бо ён пакідаў каментары з месцазнаходжаннем міліцыянтаў у горадзе.

Старшыня Следчага камітэту Беларусі Дзмітрый Гара заявіў пра пачатак спецыяльнага вядзення ў дачыненні да 108 чалавек. Паводле яго, «гэтых асоб выяўляюць на сістэмнай аснове і збіраюць доказы іх віны». У тым ліку выяўляюць іх маёмасць з мэтай далейшай канфіскацыі і звароту ў даход дзяржавы ў якасці кампенсацыі нанесенай шкоды.

Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта baranovichi24.bу. Прычынай блакіроўкі стаў артыкул выдання «Еўрарадыё», размешчаны на сайце. Нагадаем, у Беларусі «Еўрарадыё» прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем».

Міністэрства інфармацыі абнавіла спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», унёсшы ў яго тэлеграм-каналы «Скринька Пандори», «Адвокаты прав человека», «Право на защиту», а таксама TikTok-старонку «докторкто».

У Менску сілавікі затрымалі дырэктарку ТАА «Маяк Хоум». У іхным тэлеграм-канале сцвярджаецца, што ў 2020 годзе жанчына брала ўдзел у дваровых сустрэчах і акцыях пратэсту, а таксама дасылала ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі» інфармацыю пра міліцыянта, а ў іншую ініцыятыву – пра дзвюх настаўніц.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў