Аварыя пад Докшыцамі: загінулі два чалавекі


21 чэрвеня на аўтадарозе пад горадам Докшыцы адбылася аварыя: у выніку сутыкнення легкавога аўта і мікрааўтобуса загінулі двое чалавек і 11 былі перададзеныя медыкам для абследавання.

Месца ДТЗ, дзе сутыкнуліся «Volkswagen Passat» і «Iveco Daily».
Фота: МВД Беларуси / Telegram

Здарэнне адбылося каля 19:30 на 107-м кіламетры аўтадарогі Р-3, паведамляе Міністэрства ўнутраных справаў.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 47-гадовы кіроўца «Volkswagen Passat» выязджаў з другаснай дарогі на галоўную і не саступіў дарогу мікрааўтобусу «Iveco Daily».

У выніку ДТЗ кіроўца і 36-гадовая пасажырка «Volkswagen Passat» загінулі на месцы, а 11 чалавек, якія ехалі ў мікрааўтобусе, у тым ліку дзеці, былі перададзеныя лекарам для абследавання.

«Iveco Daily» пасля аварыі.
Фота: МВД Беларуси / Telegram

На месца здарэння выехалі супрацоўнікі ДАІ і следча-аператыўная група.

Нагадаем, што 4 чэрвеня на трасе Бабруйск – Мазыр каля вёскі Брожка Бабруйскага раёна сутыкнуліся маршрутка і трактар. У выніку аварыі пацярпелі 13 чалавек.

20 лютага 2023 года паміж Менскам і Смалявічамі адбылося сутыкненне маршруткі з грузавіком МАЗ, у выніку чаго загінулі 13 чалавек. Праверка паказала, што грузавік цягам двух гадоў не праходзіў тэхагляду.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў