У Нямеччыне судзілі немца за згвалтаванне ў Беларусі 12 гадоў таму


Суд у Нямеччыне пакараў грамадзяніна краіны 4,5 гадамі пазбаўлення волі за згвалтаванне, якое ён здзейсніў у Беларусі ў 2011 годзе. У Беларусь Нямеччына выдаваць мужчыну не захацела, паведамляе пракуратура Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Inbusiness.kz

Грамадзянін Нямеччыны прыязджаў у Беларусь 12 гадоў таму. У студзені 2011 года ў Берасці ён згвалціў незнаёмую дзяўчыну. На той момант мужчыну было 30 гадоў. Пасля гэтага была заведзеная крымінальная справа. Аднак мужчыну ўдалося схавацца ад пераследу і вярнуцца ў Нямеччыну. Матэрыялы справы з Беларусі былі перададзеныя ў Нямеччыну, а злачынец абвешчаны ў міжнародны вышук.

Яго ўсё ж знайшлі на радзіме і адмовіліся выдаваць у Беларусь. У сакавіку 2015 года беларуская пракуратура папрасіла нямецкую судзіць мужчыну ў Нямеччыне. Для гэтага былі перададзеныя матэрыялы крымінальнай справы і доказы.

«Па выніках такога ўзаемадзеяння і на падставе перададзеных беларускім бокам доказаў зямельны суд гораду Люнэбург (Ніжняя Саксонія) прызнаў абвінавачанага вінаватым у згвалтаванні грамадзянкі Беларусі і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 4 гады 6 месяцаў», – паведамляе прэс-служба пракуратуры.

Мужчыну таксама загадалі заплаціць пацярпелай 10 тысяч еўраў у якасці маральнай кампенсацыі.

Hавiны
Нямецкі суд прыгаварыў былога ахоўніка канцлагера Заксэнгаўзэн да пяці гадоў турмы
2022.06.28 17:52

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў