Што трэба Беларусі ад краіны, у якой 60 % насельніцтва – за рысай беднасці


20 чэрвеня ў Беларусь па запрашэнні Рамана Галоўчанкі прыбыў прэмʼер-міністр Эсватыні Расэл Дламіні. 4 чэрвеня 2024 года Беларусь і Эсватыні падпісалі камюніке аб наладжванні дыпламатычных адносінаў. Што гэта за краіна, для якой Беларусь, паводле словаў Рамана Галоўчанкі, гатовая быць надзейным партнёрам, і для чаго прыехаў у Беларусь эсватынскі прэм’ер. Сабралі найбольш цікавыя факты і спыталі экспертаў.

Эсватыні з’явілася ў 2018 годзе

Да 2018 года каралеўства Эсватыні называлася па-іншаму – Свазілэнд. Яго перайменаванне адбылося падчас святкавання 50-й гадавіны незалежнасці краіны. Кароль Мсваты ІІІ прыняў такое рашэнне, каб краіну не блыталі з Швейцарыяй (назва якой па-англійску пішацца як Switzerland), а заадно і каб адмежавацца ад каланіяльнага мінулага.

Кароль Мсваты ІІІ падчас цырымоніі каранацыі караля Чарльза ў Лондане. 6 траўня 2023 года, Вялікая Брытанія.
Фота: Dylan Martinez / Reuters / Forum

Перакладаецца назва Эсватыні як «зямля свазі» – народа, продкі якога прыйшлі ў Паўднёвую Афрыку з цэнтральнай часткі кантыненту. У пачатку ХХ стагоддзя землі свазі сталі пратэктаратам Вялікай Брытаніі. У 1964 годзе ў Свазілэндзе была прынятая першая канстытуцыя, прапанаваная, дарэчы, самой Брытаніяй, і ў выніку краіна стала канстытуцыйнай манархіяй.

У верасні 1968 года была абвешчана незалежнасць Свазілэнда.

Як жыве Эсватыні

Эсватыні – апошняя абсалютная манархія ў Афрыцы. Насельніцтва краіны складае каля 1,2 мільёна чалавек, якія жывуць на тэрыторыі, у чатыры разы меншай, чым Літва (17,3 тысячы квадратных кіламетраў).

Да 60 % насельніцтва краіны знаходзяцца за рысай беднасці. Пры гэтым пятая частка з іх – ВІЧ-інфікаваныя (каля 230 тысячаў чалавек), гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў у свеце. Паводле актывістаў, якія працуюць у краіне, некаторыя з заражаных ВІЧ людзей бедныя настолькі, што, каб напоўніць страўнік перад прыёмам лекаў (прэпараты не дзейнічаюць, калі чалавек галодны), вымушаныя есці навоз, змяшаны з вадой.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: travel-big-planet.ru

З-за вялікай колькасці хворых працягласць жыцця ў краіне ў сярэдзіне 2000-х гадоў упала да 46 гадоў. Але пазней яе ўдалося павысіць да 57 гадоў у мужчын і 65 у жанчын, дзякуючы правядзенню кампаніі, накіраванай на прафілактыку заражэння, і забеспячэнню насельніцтва неабходнымі медыкаментамі.

Адметна, што за час кіравання Мсваты ІІІ ВУП Эсватыні павялічыўся амаль у 70 разоў – з 1,03 мільярда долараў у 1986 годзе да 70 мільярдаў у 2021-м, а тэмпы эканамічнага росту ўвесь час перавышалі сярэднія для ўсяго кантыненту – 7,9% супраць 4,1% у 2021 годзе.

Кароль Эсватыні

Кароль Эсватыні ўзначальвае выканаўчую ўладу, прызначае прэм’ер-міністра краіны і прадстаўнікоў у кожную з палатаў парламенту (складаецца з дзвюх палатаў – Нацыянальнага сходу і Сенату).

На сённяшні дзень каралём Эсватыні з’яўляецца Мсваты ІІІ. Ён быў каранаваны ў 1986 годзе ў 18-гадовым узросце і стаў на той момант наймаладзейшым з дзейных манархаў.

Мсваты ІІІ – хрысціянін паводле веравызнання, аднак у краіне дазволеная палігамія – таму ў яго, паводле розных крыніц, каля 15 жонак. Праўда, не ўсе з іх вытрымліваюць супольнае жыццё з манархам: некаторыя ўцяклі ў іншыя дзяржавы, адна была высланая з краіны за сувязі з міністрам, яшчэ адна скончыла жыццё самагубствам, наглытаўшыся медыкаментаў.

Мсваты III на ваенна-паветранай Ўотэрклаф падчас 25-га саміту Афрыканскага союзу. Чэрвень 2015 года.
Крыніца: africanrulers.ru

У Мсваты ІІІ каля 20 дзяцей (паводле іншых крыніц, каля 35). Старэйшая дачка з 2018 года кіруе міністэрствам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.

Яшчэ ў 2007 годзе капітал Мсваты ІІІ ацэньваўся ў 200 мільёнаў долараў, з іх ягоным асабістым капіталам называлі суму ў 50 мільёнаў. Пры гэтым кароль разам са сваімі жонкамі часта вылятаюць на адпачынак за межы краіны, у тым ліку ў Еўропу і Злучаныя Штаты, на сям’ю манарх траціць мільёны долараў, што выклікае пратэсты ўнутры краіны.

«Манархічная дэмакратыя»

У краіне здаўна дзейнічае забарона на ўсе палітычныя партыі і рухі. Гэта справа рук яшчэ папярэдніка і бацькі Мсваты ІІІ – караля Сабхуза ІІ, які прыняў такое рашэнне ў 1973 годзе і пасля некалькі гадоў кіраваў краінай, выпускаючы адмысловыя дэкрэты.

Пасля шырокага руху за дэмакратычныя рэформы, які разгарнуўся ў 1990-я, была створаная камісія па зменах у канстытуцыю, але ў 2006 годзе новы асноўны закон, які падпісаў Мсваты ІІІ, толькі ўмацоўваў ягоную ўладу. Двухпалатны парламент выконваў хіба кансультатыўную функцыю, асноўныя рашэнні прымаў сам кароль.

Кароль Эсватыні Мсваты ІІІ.
Фота: Аристократия и монархия / Facebook

Так, напярэдадні выбараў у парламент у 2013 годзе Мсваты ІІІ зрабіў заяву, што ў краіне дзейнічае «манархічная дэмакратыя» і што, маўляў, з дапамогай бюлетэняў народ дае парады каралю, а гэта, у сваю чаргу, «забяспечвае транспарэнтнасць і адказнасць пры кіраванні дзяржавай».

Пратэсты ў Эсватыні і «антытэрарыстычны» закон

Перыядычна ў краіне ўспыхваюць мітынгі супраць улады караля. Каб змагацца з імі, у 2008 годзе Мсваты ІІІ стаў ініцыятарам закона «Аб задушэнні тэрарызму», паводле якога праходзяць арышты ўдзельнікаў антыманархічных мітынгаў.

Маштабная хваля пратэстаў пракацілася ў 2011 годзе – тады Мсваты ІІІ абвінавачвалі ў рабаванні дзяржаўнай казны і ў растранжырванні грошай на сваю сям’ю – апазіцыя заяўляла, што ў кожнай з жонак Мсваты ІІІ ёсць уласны палац, утрыманне якога адбываецца за дзяржаўныя грошы. Але пратэсты былі жорстка задушаныя.

Чарговая маштабная хваля пратэстаў пракацілася ў 2021 годзе. У краіне пачаліся беспарадкі, паліцыя прымяняла спецсродкі і ў тым ліку выкарыстоўвала баявыя патроны. За час пратэстаў загінула каля 40 чалавек, пры гэтым большасць з загінулых – за парушэнне каменданцкай гадзіны, уведзенай уладамі.

Для чаго прыехала дэлегацыя

Што да інтарэсаў Беларусі ў Эсватыні, то, паводле экспертаў, з якімі ўдалося паразмаўляць «Белсату», шмат выгады беларускім уладам са здабываючай галіны ў Эсватыні атрымаць не ўдасца, бо на рэсурсы гэтая краіна не вельмі багатая.

«Так, ёсць там залежы алмазаў, ёсць драўніна, ёсць вугаль, але ўлічваючы плошчу самой дзяржавы, якая вельмі малая, то і памер саміх руднікоў ацэньваецца як невялікі. Яны ёсць, але на сённяшні дзень нераспрацаваныя», – кажа палітолаг-афрыканіст Андрэй Рудык.

Іншая справа, што Эсватыні з’яўляецца чацвёртай краінай на афрыканскім кантыненце па вырабе цукру. Адпаведна, у Беларусі мог бы быць пэўны інтарэс па пастаўках нейкай сельскагаспадарчай тэхнікі для збору ўраджаю. Але нават у гэтым выпадку таваразварот не будзе вельмі вялікім.

Больш верагодна, што візіт прадстаўнікоў Эсватыні ў нашую краіну можа мець хутчэй палітычны, чым эканамічны сэнс. Справа ў тым, што Эсватыні засталася ледзь не апошняй краінай на афрыканскім кантыненце, якая прызнае легітымнай уладу не ў Кітаі, а на Тайвані (да 1980-х гадоў такую пазіцыю займала большасць краінаў у Афрыцы). Эсватыні нават атрымлівае пэўную дапамогу з Тайваня і той самы прэм’ер-міністр Эсватыні, які прыехаў 20 чэрвеня ў Менск, увесну наведваў Тайвань, што выклікала жорсткую рэакцыю ўладаў у Пекіне.

І вось на гэтым фоне вельмі паказальна, што паміж Эсватыні і Беларуссю раптоўна ўсталёўваюцца адносіны і пачынаюцца вялікія перамовы на ўзроўні прэм’ер-міністраў.

«Мне здаецца, што Беларусь выступае тут пасярэднікам з боку Кітаю, для якога вельмі важна нават сімвалічна завяршэнне гэтага пытання, каб ніхто Тайвань у свеце не вызнаваў», – кажа палітолаг-афрыканіст Юрый Алейнік.

Магчыма, у сувязі з тым, што Эсватыні зараз патрабуе нейкіх дадатковых уліванняў у сваю краіну, яна і вырашыла перагледзець свае адносіны з Пекінам. А праз Менск ідуць перамовы паміж Кітаем і Эсватыні, і ў гэтым «магістральная роля» гэтага візіту, лічыць Юрый Алейнік.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў