Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект «Аб амністыі»


Савет Рэспублікі 20 чэрвеня 2024 года ўхваліў законапраект «Аб амністыі ў звязку з 80-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Каб закон уступіў у моц, яго яшчэ мусіць падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

Жаночая калонія.
Фота: Наталля Прыгодзіч / imenamag.by

Паводле законапраекту, амністыя закране наступныя катэгорыі вязняў:

  • няпоўнагадовыя;
  • цяжарныя жанчыны;
  • жанчыны і самотныя мужчыны, якія маюць дзяцей векам да 18 гадоў, за выключэннем тых, што здзейснілі наўмыснае злачынства ў дачыненні няпоўнагадовага;
  • асобы, якія дасягнулі пенсійнага веку;
  • інваліды І і ІІ групаў;
  • асобы, хворыя на актыўную форму туберкулёзу і якія маюць ІА, ІІА і ІІІ групы дыспансернага назірання;
  • пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварыяў і інш.
Аналітыка
Амністыя 2024 года ў Беларусі. Калі яна будзе і каго па ёй вызваляць, а каго – не
2024.04.15 11:46

Амністыя не будзе распаўсюджвацца на:

  • асобаў, да якіх цягам 2021–2024 гадоў ужываліся амністыя ці памілаванне і якія зноў здзейснілі наўмыснае злачынства ў час нязнятай ці пагашанай судзімасці;
  • асобаў, якія на дзень вынясення прысуду ці ўступлення яго ў законную моц цалкам не пакрылі нанесенай шкоды, не выплацілі даходу, атрыманага злачынным шляхам, а таксама даходу, атрыманага ад выкарыстання маёмасці, здабытай злачынным шляхам ці набытай на сродкі, здабытыя злачынным шляхам;
  • асобаў, якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў ці прызнаных ва ўстаноўленым парадку асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі;
  • асобаў, якім смяротнае пакаранне ў парадку памілавання замянілі пакараннем у выглядзе пазбаўлення волі ці пажыццёвага пазбаўлення волі;
  • асуджаных паводле экстрэмісцкіх артыкулаў ці датычных да экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасці.

Законапраект мае некалькі асаблівасцяў, якія адрозніваюць цяперашнюю амністыю ад папярэдніх. У прыватнасці, плануецца скараціць тэрмін пакарання на адзін год шматдзетным жанчынам, асуджаным за забойства або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула за сабою смерць (ч. 1 арт. 139 і ч. 3 арт. 147 Крымінальнага кодэксу), а таксама асуджаным паводле наркатычных артыкулаў жанчынам і самотным мужчынам, якія маюць няпоўнагадовых дзяцей.

Агулам амністыя закране 7850 вязняў. Ад крымінальнай адказнасці плануецца вызваліць 2090 асобаў, ад умоўнага пакарання – 800 асуджаных, ад пакарання ў выглядзе арышту – 40 чалавек. 260 асобам пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі заменяць на «хатнюю хімію». Акрамя таго, 4550 вязням тэрмін пакарання скароцяць на 1 год.

Датычна амністыі Лукашэнка заяўляў, што з прычыны нястачы кадраў вызваленых паводле амністыі трэба будзе абавязкова працаўладкаваць.

Агляд
«Праз тры гады здаюць псіхіка і цела». Што перажываюць за кратамі палітзняволеныя жанчыны?
2024.04.12 17:23

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў