ЕАБР палепшыў прагноз росту эканомікі Беларусі і папярэдзіў пра аслабленне рубля


Еўразійскі банк развіцця прэзентаваў макраэканамічны прагноз на 2024–2026 гады для краінаў рэгіёну. Аналітыкі чакаюць, што сёлета ВУП Беларусі вырасце на 3,4 % (раней прагназавалі, што будзе 2 %), долар падаражэе да 3,27 рубля (курс паводле Нацыянальнага банку на сёння – 3,1599 рубля).

Беларускі металургічны завод
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: БМЗ_life / Telegram

Старэйшы аналітык Цэнтру краінавага аналізу Дырэкцыі аналітычнай працы ЕАБР Антон Даўгавечны на прэзентацыі макраэканамічнага прагнозу на 2024–2026 гады паведаміў, што паказнік росту ВУП Беларусі перагледзелі ў бок павелічэння на 1,4 адсоткавага пункту.

Эксперт растлумачыў, што беларуская эканоміка пакажа сёлета лепшыя вынікі, чымся чакалася, дзякуючы росту дзелавой актыўнасці:

«Па-першае, гэта павелічэнне попыту з боку Расеі, што стварыла ўмовы для росту экспарту тавараў у фізічным вымярэнні і высокіх тэмпаў росту ў прамысловасці. Па-другое, гэта высокая спажывецкая актыўнасць, што фармуецца ва ўмовах устойлівай дынамікі павышэння заробкаў і пашырэння крэдытавання».

Акрамя таго, нечаканым вынікам паспрыяла выбудоўванне новых лагістычных ланцужкоў, што дазволіла ўзнавіць аб’ёмы экспарту «шэрагу традыцыйных тавараў» і, адпаведна, павялічыць іх вытворчасць.

«Гэты чыннік таксама станоўча паўплываў на рост аб’ёмаў гуртавога гандлю і транспартавых паслуг», – заўважыў аналітык.

Матэрыялы макраэканамічнага прагнозу ЕАБР на 2024–2026 гады.
Крыніца: eabr.org

Дадатковы ўнёсак у рост нашай эканомікі, паводле суразмоўцы, дасць атамная электрастанцыя, якая павялічвае генерацыю электраэнергіі, выходзячы на нарматыўную магутнасць:

«Мы таксама назіраем пашырэнне інвестыцыйнай актыўнасці, якая адбываецца як за кошт палітыкі дзяржаўнага стымулявання, гэтак і з прычыны ўзнаўлення жыллёвага будаўніцтва з канца першага кварталу».

Эканоміка пачуваецца лепей і дзякуючы IT-сферы, якая, як выглядае, намацвае дно і падае пасля 2022 года не так хутка:

«Гэта дазваляе чакаць скарачэння негатыўнага ўплыву на рост ВУП з боку гэтай галіны».

Такім чынам, сёлета, паводле прагнозу ЕАБР, беларуская эканоміка вырасце на 3,4 %.

Інфаграфіка
Белстат заўважыў паскарэнне росту ВУП і максімальнае павелічэнне прыбыткаў беларусаў за 9 гадоў
2024.06.19 12:55

Аналітыкі банку чакаюць, што ўлады працягнуць жорстка рэгуляваць цэны, і цяперашняя інфляцыя ў Беларусі – як стрэльба, што вісіць на сцяне і мусіць стрэліць.

«На фоне росту заробкаў і пашырэння крэдытавання ствараюцца ўмовы для фармавання праінфляцыйных рызык. Адпаведна, гэта абмяжоўвае Нацыянальны банк у паслабленні грашова-крэдытнай палітыкі. І мы чакаем стаўку рэфінансавання на ўзроўні 9,5 % як сёлета, гэтак і на ўсім гарызонце прагнознага перыяду», – падкрэсліў Антон Даўгавечны.

ЕАБР прагназуе, што сёлета інфляцыя ў Беларусі складзе каля 6 %.

Матэрыялы макраэканамічнага прагнозу ЕАБР на 2024–2026 гады.
Крыніца: eabr.org

Пры гэтым беларускі рубель у базавым сцэнары аслабне да долара:

«Мы мяркуем, што будзе пэўнае пагаршэнне сальда вонкавага гандлю таварамі і паслугамі. Гэта звязана як з пагаршэннем цэнавых умоваў гандлю, гэтак і тармажэннем попыту на расейскім рынку. З увагі на гэта мы прагназуем некаторая аслабленне беларускага рубля да долара, сярэдні гадавы курс сёлета складзе 3,27 рубля».

Што датычыць перспектываў, то пакуль аналітыкі не бачаць нагодаў для галавакружных поспехаў. Росту эканомікі бліжэйшымі гадамі будзе перашкаджаць дэфіцыт працоўнай сілы і складанасці з доступам да сучасных тэхналогіяў. Да 2026 года інфляцыя можа паскорыцца да 7,7 %, бо вечна трымаць цэнаў не будзеш, а метафарычная стрэльба ў выглядзе інфляцыйнага навесу цяперашнія ўлады ўжо вынеслі на авансцэну.

Курс рубля, як чакаецца, будзе паступова зніжацца спачатку праз пагаршэнне вонкавага гандлю, а потым – «на фоне запавольвання тэмпаў ВУП і росце цэнаў, што будзе абганяць РФ».

Hавiны
Вонкавы гандаль сышоў у мінус. У першым квартале імпарт перавысіў экспарт на $96 млн
2024.05.12 17:52

Экспертка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» адзначыла: сказаць, што прагноз ЕАБР палітызаваны, нельга, бо невядома, «паводле якіх лічбаў яны лічылі».

«Аднак агулам прагнозы пра Беларусь у бок павелічэння эканамічнага росту на гэты год пераглядзелі і іншыя міжнародныя арганізацыі», – звярнула ўвагу Лузгіна.

Экспертка адзначыла, што прагноз збольшага адэкватны:

«Проста гэта базавы прагноз, і яны не робяць акцэнтаў на рызыках. Хаця на прэзентацыі эксперты казалі пра ўрадавае стрымліванне цэнаў і запавольванне попыту з боку Расеі ў будучыні».

Што датычыць Расеі, ад якой татальна залежыць беларуская эканоміка, то сёлета, паводле прагнозаў Еўразійскага банку развіцця, ВУП вырасце там на 3 %, налета – на 1,1 %, а ў 2026 годзе – на 1,6 %. Нашая эканоміка не можа развівацца істотна шпарчэй за эканоміку галоўнага партнёра. ВУП Беларусі, як чакаецца, павялічыцца на 1,1 % налета і на 1,3 % у 2026-м.

Агляд
Санкцыі vs Беларусь: эксперты прызналі гнуткасць эканомікі, але ўсё можа абрынуцца ўміг
2024.05.31 11:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў