«Вельмі цяжка гэта прыняць». Беларусы ў выгнанні пазбягаюць статусу ўцекача


У Сусветны дзень уцекача, што адзначаюць 20 чэрвеня, «Белсат» спытаў юрыстку Цэнтру беларускай салідарнасці, ці можна лічыць уцекачамі беларусаў, якія з’ехалі пасля 2020 года, і ці лёгка эмігранты прызнаюць сябе такімі. А ў дабрачыннай арганізацыі «Дапамога», што спрыяе беларусам у Літве, назвалі галоўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца імігранты.

Людзі ідуць да аўтобуса на Варшаве-Заходняй. Варшава, Польшча. 29 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

20 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень уцекача, заснаваны Генеральнай асамблеяй ААН у 2001 годзе з мэтаю «прызнаць моц асобаў, якія ўцяклі ад канфліктаў і пераследу ў сваіх краінах з надзеяй знайсці прытулак дзеля лепшага жыцця». Гэты дзень нагадвае пра цяжкі лёс людзей, якія ўпарта шукаюць выйсце дзеля сваёй будучыні. Гэта таксама магчымасць для ўцекачоў быць пачутымі і ацэненымі ў грамадстве, у якім яны жывуць.

Кіраўніца аддзелу прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская ў размове з «Белсатам» адзначыла, што беларусаў, якія пакінулі радзіму пасля 2020 года, можна лічыць уцекачамі паводле Жэнеўскай канвенцыі:

«Уцекачом лічыцца асоба, якая ў выніку цалкам абгрунтаваных і індывідуальных перасцярог (важна адзначыць, што тут могуць быць толькі перасцярогі, а не ўласна пераслед) можа стаць ахвяраю пераследу паводле адной з прыкметаў: раса, рэлігія, нацыянальнасць, палітычныя перакананні, прыналежнасць да сацыяльнай групы».

Такім чынам, эміграцыя з палітычных перакананняў цалкам адпавядае крытэрам Жэнеўскай канвенцыі.

Каментар
«Жэнеўскі пашпарт»: як яго атрымаць, што ён дае, ці замяняе пашпарт грамадзяніна
2023.09.27 09:00

«Пры гэтым мы вельмі часта кажам аб прыналежнасці да сацыяльнай групы. Гэта вельмі важная прыкмета таксама, асабліва ў кантэксце Беларусі, бо ў нас ёсць такія групы, якія могуць трапляць пад пераслед толькі з прычыны, што асоба проста належыць да пэўнай групы. Гэта могуць быць праваабаронцы, журналісты, былыя сілавікі, якія адмовіліся выконваць абавязкі пасля 2020 года, таксама людзі, якія прыналежаць да арганізацыяў, прызнаных экстрэмісцкімі», – звярнула ўвагу юрыстка.

Суразмоўца канстатавала, што беларусы ўсімі сіламі намагаюцца легалізавацца ў новых краінах на любых падставах, толькі не з увагі на пераслед. Статус уцекача вельмі балючы:

«У беларусаў бачу праблему больш псіхалагічнага характару, якая паказвае, што беларусы хацелі б не быць уцекачамі, бо вельмі часта яны абіраюць іншыя шляхі легалізацыі, напрыклад, на падставе працы, уз’яднання з сям’ёй ці навучання».

Аднак ўлады Беларусі, забараніўшы абмен пашпартоў у амбасадах, не пакідаюць эмігрантам выбару. Даводзіцца прасіць статус уцекача і атрымоўваць гэтак званы жэнеўскі пашпарт – падарожны дакумент, што выдаецца адпаведна з Канвенцыяй ААН аб уцекачах 1951 года.

«Былі выпадкі ў практыцы, калі мы адкрываем станоўчую пастанову, там статус уцекача, а асоба вельмі смуткуе, усведамляючы, што насамрэч уцякацтва – гэта рэальна, што дадому не вернешся. Першае такое прыняцце», – апавяла Дабравольская.

Аналітыка
Без пашпарта беларусы не перастануць быць беларусамі. Як рэжым адбірае грамадзянства
2024.06.07 20:41

Дырэктарка дабрачыннай арганізацыі «Дапамога» ў Вільні Наталля Калегава ў размове з «Белсатам» адзначыла, што адна з галоўных праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы пасля эміграцыі, грашовая. Асабліва гэта датычыць былых палітвязняў: яны едуць без фінансавай падушкі.

«Калі асоба падалася на ўцякацтва, яна не мае права афіцыйна працаваць. Калі ў 2020 годзе ў людзей былі пэўныя запасы, з якімі яны прыязджалі, то цяпер багата людзей, якія выйшлі з турмы. У іх няма запасаў, яны прыязджаць без анічога і сядзяць першы час без працы, пакуль не легалізуюцца», – тлумачыць актывістка.

Акрамя таго, Калегава наракае на цяжкасці з легалізацыяй у Літве. Калі на побытавым узроўні да беларусаў там ставяцца цалкам прыязна, то з атрыманнем дакументаў часта ўзнікаюць праблемы:

«Калі людзі бягуць з Беларусі, яны не могуць цяпер планаваць сваёй будучыні, звязанай з Літвою. Бо мы не ведаем, у які момант яны будуць прызнаныя нацыянальнаю пагрозаю. Нават працадаўцы цяпер кажуць: беларусы – любім, найлепшыя работнікі, толькі дайце нам такіх, хто мае стабільныя дакументы, уцякацтва або гуманітарны дазвол на жыхарства».

Калегава пацвердзіла, што беларусы ў выгнанні, калі маюць выбар, намагаюцца легалізавацца паводле непалітычных падставаў: праца, уз’яднанне з сям’ёй. Але фактычна амаль усе яны так ці іначай бралі ўдзел у пратэстах.

«Гэта тыя ж палітычныя мігранты, толькі яны выбіраюць эканамічны спосаб легалізацыі. Мы ж разумеем, што быць палітычным мігрантам – гэта ў нейкі момант паставіць пад пагрозу сваякоў, сваю нерухомасць. Няўжо раней мы маглі ўявіць, што ў людзей пачнуць забіраць маёмасць, калі яны чыстыя перад дзяржаваю, а толькі маюць іншыя погляды?» – кажа актывістка.

Паводле падлікаў ААН, на канец 2023 года ў свеце было 117,3 млн вымушаных перасяленцаў. Колькі беларусаў пакінулі радзіму пасля 2020 года, дакладна невядома. Статыстыку ўлады хаваюць. У МУС казалі, што з’ехалі больш за 200 тысяч асобаў, а паводле ацэнак сацыёлага Генадзя Коршунава – 500–600 тысячаў.

Агляд
Улады не разлічваюць на беларусаў, якія з’ехалі. Міграцыйная палітыка робіць стаўку на замежнікаў
2024.06.05 21:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў