«Сказаў, няхай мяне пераязджаюць». Беларускага добраахвотніка Кіселюка ўсё ж пусцілі ў Польшчу


Беларускага добраахвотніка Юрыя Кіселюка («Дызеля») усё ж пусцілі ў Польшчу. Як стала вядома «Белсату», цяпер ён будзе падавацца тут на міжнародную абарону.

Беларускі добраахвотнік Юрый Кісялюк.
Фота: прыватны архіў Юрыя Кісялюка.

Гісторыя пачалася 19 чэрвеня – кіраўніцтва ўкраінскага памежнага пераходу «Устылуг» не ўпусціла ў Польшчу Юрыя Кіселюка праз тое, што ў яго пратэрмінаваны пашпарт. Юрый Кісялюк – ваяр-ветэран, які ваюе з самага пачатку поўнамаштабнай вайны на баку Украіны. Паводле яго, перад тым, як выязджаць з Украіны, ён падаў рапарт на звальненне з ЗСУ.

«Белсат» ад самага пачатку трымаў сувязь з беларускім ваяром. «Я журналіст, але і валанцёр, які дапамагае беларускім добраахвотнікам з Палка Каліноўскага з першых дзён вайны. Калі ўчора Юрыя Кісялюка не пусцілі праз мяжу ўкраінскія памежнікі, то валанцёр які вёз былога ваяра, пазваніў да мяне», – распавёў вядоўца праграмы «ПраСвет» на «Белсаце» Сяргей Пеляса.

Са слоў нашага калегі, пасля таго, як не атрымалася прайсці праз «Устылуг», валанцёр, які вёз Юрыя з жонкай з Украіны ў Польшчу, вырашыў паехаць на іншы памежны пераход – Рава-Руска – Хрэбэннэ. Там украінскія памежнікі ўжо пусцілі Юрыя на польскі бок, але праз мяжу яго не пусцілі палякі, і першапачаткова не хацелі разглядзець ягоную просьбу аб міжнароднай ахове. «Я думаю там атрымалася нейкае непаразуменне, звязанае з эмоцыямі, са стрэсавай сітуацыяй. Пазней яго ўдалося выправіць», – тлумачыць Сяргей Пялеса. «Шмат у каго з беларускіх добраахвотнікаў пратэрмінаваныя пашпарты. Зрэшты і ў мяне беларускі пашпарт таксама пратэрмінаваны. Няма магчымасці зрабіць новы», – дадае наш суразмоўца.

Далей падзеі развіваліся таксама не без удзелу «Белсату»

«Сёння глыбока ўначы я некалькі разоў тэлефанаваў дзяжурнаму на памежны пераход і вельмі спакойна, па-людску, тлумачыў сітуацыю ў якой аказаўся Юры Кісялюк. Ён не можа зрабіць польскую візу і не можа замяніць пашпарт. Таксама ўкраінцы не прымалі яго назад на свой бок мяжы. Адзіная магчымасць – звярнуцца па міжнародную абарону ў Польшчы.

Я крыху ведаю псіхалогію польскіх памежнікаў, бо здымаў дакументальны фільм пра іх працу пад назвай «Мігранты Лукашэнкі». Я ведаю, як з імі можна дамовіцца. Яны звычайныя людзі, якія выконваюць свае абавязкі. Пасля некалькіх размоваў удалося пераканаць каб ветэрана, які некалькі год абараняў Украіну, беларуса, пусцілі на польскі бок і далі яму скарыстацца законнай магчымасцю звярнуцца па міжнародную абарону», – распавёў Сяргей Пеляса.

Калі мы патэлефанавалі Юрыю, вельмі стомлены ваяр паведаміў, што ён ужо ў Польшчы і плануе падавацца на міжнародную абарону.

«Яны праігнаравалі просьбу на палітычны прытулак. Мяне з жонкай, яе раздзетую, без дакументаў, без нічога на ўкраінскую тэрыторыю [адпраўлялі. – Заўв. рэд.]. Пагражалі кайданкі надзець, пасміхаліся. Потым я сказаў, што я тут лягу на зямлю і няхай мяне пераязджаюць машынамі, але мяне не спыняць. Жонка таксама мяне падтрымала.

Калі я пачаў здымаць [відэа. – Заўв. рэд.], яны трошкі па-іншаму сталі сябе паводзіць. Яны ўсе аднекваліся, што вы нічога не прасілі, вы проста ехалі працаваць, а мы вас праз тое не пусцілі», – расказаў Юрый Кісялюк.

«Польшча – дэмакратычныя дзяржава, дзе медыя, у тым ліку «Белсат» маюць уплыў і значэнне. Трэба размаўляць з памежнікамі, тлумачыць, дамаўляцца. Я вельмі ўдзячны польскім памежнікам і рады, што ўдалося дапамагчы Юрыю. Спадзяюся яму ўдасца атрымаць міжнародную абарону ў Польшчы», – падвёў вынік гэтай гісторыі Сяргей Пеляса.

Нагадаем, што ў падобных сітуацыях, калі асоба хоча падацца на міжнародную абарону, украінскі бок запытвае польскі, ці прыме той асобу без дакументаў з такім намерам. Калі Польшча не згодная прыняць чалавека, то яго не выпускаюць з Украіны.

Hавiны
Украіна не выпускае ў Польшчу беларускага добраахвотніка
2024.06.19 20:52

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў