У Беларусі з’явілася восем новых палітзняволеных, паведамляе ПЦ «Вясна». Гэта адбылося на фоне паведамленняў аб выхадзе на волю некалькіх асобаў, якія лічацца палітвязнямі.
Праваабаронцы надалі статус палітвязняў васьмі асобам: Ірыне Клязовіч, Марыне Гацуры, Віктару Нікіфараву, Надзеі Лескавец, Ірыне Пагадаевай, Глебу Дудко, Жанне Дашкевіч, Іллю Гумбару.
Ірына Клязовіч, пішуць праваабаронцы, была ўзятая пад варту паводле абвінавачвання ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванне пратэснай супольнасці.
Марына Гацура – паводле абвінавачвання ў падтрыманні экстрэмісцкай дзейнасці па выніках затрыманняў, звязаных з ініцыятывай дапамогі палітвязням.
Віктар Нікіфараў паводле ч. 2 арт. 361-3 КК за ахвяраванне беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку ўкраінскіх уладаў супраць расейскай агрэсіі, быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Надзея Лескавец, Ірына Пагадаева, Глеб Дудко і Ілля Гумбар былі ўзятыя пад варту паводле абвінавачвання ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК.
Жанна Дашкевіч узятая пад варту паводле арт. 361-1 і ч. 2 арт. 361-3 КК, паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні і за ахвяраванне беларускім добраахвотнікам, якія ваююць на баку ўкраінскіх уладаў супраць расейскай агрэсіі.
Такім чынам, выпускаючы адных палітвязняў, рэжым працягвае набіраць іншых.
Раман Шавель belsat.eu