Расея зноў выкарыстала паветраную прастору Беларусі для ўдару па Украіне


Украінскія маніторынгавыя тэлеграм-каналы, звязаныя са службамі СПА Украіны, уначы 5 ліпеня паведамілі, што расейскія беспілотнікі, якія атакавалі Украіну, ляцелі праз Беларусь.

Схема руху БПЛА праз тэрыторыю Беларусі паводле дадзеных маніторынгавага тэлеграм-каналу «Ukrainian Raccoon».
Крыніца: Флагшток

Паведамленне аб падлёце расейскіх беспілотнікаў да ўкраінска-беларускай мяжы з’явілася ў тэлеграм-канале «Український Єнот» 5 ліпеня ў 00:27:

«Не выключаем, што ўздоўж старой галіны чыгункі пойдуць транзітам да ЧЗА (Чарнобыльская зона адчужэння) праз Гомельскую вобласць Беларусі».

Інфармацыю аб пралёце дрону даў таксама ў 00:35 тэлеграм-канал War Monitor:

«На Поўначы група БПЛА працягвае рух на Захад праз Кіеўшчыну. Першы БПЛА перасёк Брагінскі раён Беларусі праз Вялае-Посудава (заўвага выдання «Флагшток»: імаверна, маюцца на ўвазе асобныя вёскі Брагінскага раёну Вельмаў і Посудава) і рухаецца па тэрыторыі Украіны далей на Захад. Асноўная колькасць БПЛА на Чарнігаўшчыне. Курс Заходні».

У каментары «Флагштоку» канал «Український Єнот» удакладніў, дзеля чаго была выкарыстаная тэрыторыя Беларусі гэтым разам:

«Зноў транзіт праз Беларусь, гэтым разам праляталі БПЛА Shahed-136/131. Адзін дакладна прайшоў праз Беларусь, іншыя два ў той бок ляцелі, але не прайшлі праз мяжу».

Hавiны
Украінскія тэлеграм-каналы: уначы 22 чэрвеня расейскія ракеты ляцелі ва Украіну праз Беларусь
2024.06.22 19:00

32 з 32 расейскіх «Шахедаў», якія ляцелі ў бок Украіны ўначы 5 ліпеня, былі знішчаныя сіламі СПА, паведаміў камандзір Паветранымі сіламі Украіны генерал-лейтэнант Мікалай Аляшчук.

Мінулым разам украінскія маніторынгавыя каналы распавядалі пра рух расейскіх ракет праз паветраную прастору Беларусі ўначы 22 чэрвеня.

Пра выкарыстанне расейскай арміяй беларускай паветранай прасторы «Український Єнот» паведамляў у ноч на 27 красавіка 2024 года. Тады некалькі ракетаў праляцелі над тэрыторыяй Брагінскага раёну.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў