Беларусы прадаюць долі ў транспартавым бізнесе ў Польшчы


Беларускія прадпрымальнікі, якія валодаюць транспартавым бізнесам у Польшчы, у тэрміновым парадку прадаюць долі ў сваіх кампаніях. Гэтак яны хочуць захаваць сваю справу і не трапіць пад новыя санкцыі Еўразвязу супраць Расеі і Беларусі, што набываюць моц 2 жніўня, піша выданне «Most».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Крыніца: trans.info

Паводле новага пакету санкцыяў, кампаніі, створаныя на тэрыторыі Еўразвязу пасля 8 красавіка 2022 года, не змогуць займацца транспартаваннем па ЕЗ, калі 25 % акцыяў у іх належаць беларускім ці расейскім фізічным або юрыдычным асобам ці органам. Але гэтае правіла не распаўсюджваецца на тых, у каго ёсць другое грамадзянства адной з краінаў ЕЗ або ВНЖ у Еўразвязе.

Аднак рэч у тым, што рэгістрацыя шматлікіх беларускіх кампаніяў у Польшчы пасля 8 красавіка 2022 года адбылася на хвалі абыходу папярэдніх санкцыяў, што забаранялі беларускім і расейскім перавознікам рабіць рэйсы на тэрыторыі Еўразвязу (Беларусь тады ўвяла сіметрычныя захады).

Абыходзілі тыя абмежаванні шляхам драблення кампаніяў: у ЕЗ рэгістравалася юрыдычная асоба, якой перадавалася частка транспарту на баланс. А сам працэс транспартавання адбываўся шляхам перагрузкі або перачэплівання: па Беларусі груз везла фура на беларускіх нумарах, у транспартава-лагістычным цэнтры на мяжы яго забірала машына ўжо на польскіх нумарах, якая везла груз па тэрыторыі Еўразвязу. Фармальна гэта былі розныя арганізацыі, але фактычна яны належалі аднаму і таму ж бізнесу.

Пры гэтым ад уладальнікаў бізнесу не патрабавалася пераезду ў ЕЗ, было дастаткова візы, каб развязваць бягучыя пытанні. Але з 2 жніўня гэта будзе немагчымым.

Дзеля абыходу новых санкцыяў, нягледзячы на рызыкі, бізнесоўцы шукаюць людзей з пашпартам ЕЗ, якія б маглі купіць у іх долі ў польскіх кампаніях, паведамілі крыніцы выдання. Пры гэтым шукаецца некалькі партнёраў, каб у руках аднаго не засяроджвалася больш за 75 % бізнесу, бо гэта стварае рызыку страціць кіраванне кампаніяй.

Адна з крыніцаў выдання лічыць, што прадпрымальнікі будуць масава падавацца на ВНЖ у Польшчы, што можа расцягнуцца не на адзін месяц. Таму каб не закрываць на гэты час бізнесу, будуць разглядацца варыянты з продажам (магчыма, будуць абгаворвацца ўмовы выкупу акцыяў назад у будучыні з выплатай прэміяльных для партнёра).

У той жа час крыніца выдання лічыць, што атрыманне ВНЖ не будзе для прадпрымальнікаў вялікай праблемай.

Hавiны
У Літве раскрылі чарговую схему абыходу санкцый ЕЗ супраць Беларусі і Расеі
2024.06.28 23:40

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў