Крымінальная справа супраць святара Юхневіча і вышук палітзняволенай па ТБ. Рэпрэсіі 4 ліпеня


Праваабаронцам «Вясны» дакладна вядома пра 10 палітвязняў, якія вызваленыя ў межах амністыі, але рэжым працягвае парушаць правы беларусаў і катаваць іх у вязніцах. «Белсат» фіксуе гэта ў штодзённым аглядзе рэпрэсіяў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Luis Quintero / Pexels

Вынесены прысуд 70-гадоваму Уладзіміру Толкачу з Барысава, які ў сваіх вершах «абразіў» Аляксандра Лукашэнку. Паводле праваабаронцаў «Вясны», вясной у Уладзіміра адбыўся ператрус. Сілавікі канфіскавалі камп’ютар, на якім знайшлі вершы пенсіянера. «Эксперты» МУС вырашылі, што творы абражаюць Лукашэнку.

Падчас судовага пасяджэння Толкачу стала дрэнна, выклікалі «хуткую», якая адвезла яго ў шпіталь. Але праз некалькі гадзін суд аднавіўся. Суддзя Таццяна Шыман прызнала Толкача вінаватым і пакарала яго 3 гадамі абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Ажно 13 міліцыянтаў прыехалі, каб затрымаць жыхара Барысава за словы «Слава Украіне» у чат-рулетцы. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына сказаў правакатару, які прадставіўся ўкраінцам, «Слава Украіне», а таксама, што нібыта сам хацеў паехаць ваяваць супраць расейцаў і пісаў ва ўкраінскую амбасаду.

Супраць палітзняволенага Анджэя Юхневіча распачалі крымінальную справу – яго пераводзяць у СІЗА, паведамляе «Вясна». Юхневіч – каталіцкі святар, які правёў за кратамі ўжо 57 дзён. Ён быў чатыры разы падвергнуты адміністрацыйнаму арышту, у тым ліку нібыта за правядзенне «несанкцыянаванага пікету» – размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі. Да гэтага часу застаецца невядомым, у чым менавіта яго абвінавачваюць.

Інтэрв’ю
Яўгенія Доўгая: Вызваленне хоць аднаго палітвязня дае сілы і надзею тым, хто пакуль застаецца за кратамі
2024.07.04 17:45

Затрыманы IT-спецыяліст Дзмітрый Марчук. На відэа сілавікоў мужчына кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і за гэта ўжо адбываў адміністратыўны арышт. Таксама ён «прызнаецца» у тым, што пісаў ініцыятыве «Чорнай Кніга Беларусі» і пакідаў абразлівыя каментары ў Telegram-каналах.

Прапагандысты паказваюць у Берасці ролік пра былую палітзняволеную Вікторыю Лысковіч, якая збегла з «хіміі». Яны заклікаюць тых, хто ведае, дзе знаходзіцца дзяўчына, данесці на яе ў міліцыю. Вікторыя Лысковіч была пакараная на 1,5 гады «хіміі» па «справе карагодаў». Пасля рэйду сілавікоў зʼявілася перспектыва яшчэ адной крымінальнай справы, таму ў пачатку 2022 года дзяўчына збегла ў Літву.

Жыхара Гародні жорстка затрымалі за татуіроўку – пры затрыманні на яго наставілі пісталет. На відэа сілавікоў затрыманы кажа, што 18 гадоў быў футбольным фанатам і зрабіў татуіроўку «АСАВ» на шыі. На кадрах пасля затрымання на твары мужчыны бачныя гематомы.

«Экстрэмісцкім» прызналі фільм пра Лукашэнку, які мае больш за 2,2 мільёна праглядаў. Гэта праца расейкага незалежнага СМІ «Рэдакцыя» пад назвай «Как властитель Беларуси остается непотопляемым 30 лет». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Магілёва 1 ліпеня.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

  • Старонка ў Facebook «Беларуская Дыяспара Беластока»;
  • Відэаролікі «У беларусаў забіраюць маёмасьць», «40 тысяч зваротаў у КДБ», «Як рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае ў в..не – расьсьледаваньне BelPol»;
  • TikTok-старонкі «Lolik», «traianus_n1», «Вера Лiцвiн», «Пара/Para!».
Аналітыка
Што стаіць за заявай Лукашэнкі наконт вызвалення палітвязняў?
2024.07.03 20:19

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў