Як школьнікаў у летніках вучаць паміраць за Радзіму. І чаму гэта не працуе?


Пасля выбараў 2020 года за «патрыятычнае» выхаванне моладзі ў Беларусі рэжым узяўся з асабліваю заўзятасцю, без перапынку на выходныя і вакацыі. Журналісты «Белсату» высветлілі, як гэта адбываецца ў летніках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельніцы вайскова-патрыятычнага клуба «Доблесць». Менскі раён, Беларусь. 12 чэрвеня 2023 года.
Фота: sb.by

«Напярэдадні 3 ліпеня праграму імпрэзаў у раённых летніках абмяркоўвалі нават на нарадзе ў гарвыканкаме, пасля чаго рэкамендацыі былі разасланыя па ўсіх школьных і гарадскіх летніках», – адзначае працаўніца адной з адукацыйных устаноў Віцебскай вобласці.

Паводле суразмоўцы, за кожную з запланаваных урачыстасцяў ёсць загад адсправаздачыцца – зрабіць прэзентацыю і апавесці пра вынікі. Праўда, пра якія вынікі гаворка, ніхто не разумее. Кожны трактуе па-свойму.

«Самае жорсткае – тое, што некаторыя педагогі ўспрымаюць такія ўстаноўкі даслоўна. І там за дзяцей сапраўды страшна. Яны на поўным сур’ёзе пачынаюць прамываць ім мазгі, – адзначае суразмоўца. – З апошніх скандалаў: падчас заняткаў па патрыятычным выхаванні ў адным з летнікаў дзецям апавядалі, што за Радзіму трэба быць гатовым памерці, асабліва калі гаворка пра вайну ва Украіне. Адзін хлопец на гэтых занятках не вытрываў і выгукнуў «Слава Украіне!». Ягоная мама – украінка, тата – беларус. Хлопец патэлефанаваў бацькам, расказаў, і калі тыя пачалі разбірацца, ім сталі пагражаць, што паставяць на «сацыяльна небяспечнае становішча».

Допыты і разгоны вулічных пратэстаў для дзяцей

Паводле жанчыны, на 3 ліпеня ў летніках запланаваныя жахлівыя імпрэзы, на якіх ваенрукі, працаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту, амапаўцы і нават кадравікі падраздзяленняў ГУУС маюць апавядаць, як важна абараняць краіну ад ворагаў, быць адданымі ўладзе, і агітаваць ісці вучыцца ў Акадэмію МУС.

У летніках дзяцей вучаць ладзіць допыты і ваяваць.
Фота: modmilby / Telegram

Напрыклад, у Воршы жаўнеры ўнутраных войскаў у поўным вайсковым экіпаванні вучаць дзяцей разганяць вулічныя пратэсты, надзяваць браняваныя камізэлькі, збіраць і разбіраць зброю, расказваюць пра вайсковую тэхніку.

«Калегі адзначалі, як у іншым гарадскім летніку дзяцей вывезлі ў лес, вучылі рабіць акопы і знішчаць ворага. Дзяўчат апранулі ва ўніформу ваенных медсясцёр і вучылі надаваць дапамогу, а хлопчыкаў – шукаць ворага і ладзіць яму потым допыт», – распавядае жанчына.

Дарэчы, дапытваць у Беларусі ўжо афіцыйна вучаць нават у школе. Калі ўважліва пачытаць пастанову Міністэрства адукацыі Беларусі за 29 верасня 2023 года № 313, то ў частцы пра зацвярджэнне навучальных праграмаў факультатыўных заняткаў можна знайсці дысцыпліну «ваенны пераклад» для вучняў Х–XI класаў. Гэта курс англійскай мовы, разлічаны на 35 гадзінаў. У гэтым жа дакуменце прапісалі і праграму курсу. Чытаем. «Для фармавання ўменняў і навыкаў, неабходных ваеннаму перакладчыку, рэкамендуецца выкарыстоўваць вусныя і пісьмовыя віды працаў, у тым ліку: пераклад з аркуша замежнага тэксту або перадача яго зместу; двухбаковы пераклад гутаркі, допыту, апытання; расшыфроўванне абрэвіятураў; перадача зместу схемаў ваеннага характару; пісьмовы пераклад ваенных і ваенна-тэхнічных тэкстаў з англійскай мовы на расейскую».

Летнік у казарме і прамыванне мазгоў

Як сцвярджае суразмоўца, усё, што адбываецца ў школьных летніках, – усяго толькі працяг мэтанакіраванага ідэалагічнага апрацоўвання школьнікаў. Найгорш цяпер у вайскова-«патрыятычных» клубах, якія масава сталі стварацца ў Беларусі пасля 2020 года. Павялічыць іх колькасць яшчэ тады прапанаваў намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў. Пасля пачатку вайны ва Украіне штогод колькасць клубаў павялічваецца ў сярэднім на пару дзясяткаў. Улетку на іх базе таксама працуюць школьныя летнікі.

Паводле Міністэрства абароны, гэтым летам у такіх установах пабываюць 14 тысяч школьнікаў. Усяго ж у месцах дыслакацыі злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сілаў для беларускіх школьнікаў сёлета адкрылі больш за 100 спартова-«патрыятычных» летнікаў.

Пра тое, наколькі сур’ёзна ў іх будуць апрацоўваць моладзь, можна нават не здагадвацца. Пра ўмовы, у якіх там «адпачываюць і набіраюцца здароўя» дзеці, прапаганда піша адкрыта і без сораму.

Дзяцей вучаць карыстацца зброяй.
Фота: modmilby / Telegram

Напрыклад, вядома, што на базе вайсковай часткі 3214 унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў функцыянуе кругладзённы вайскова-«патрыятычны» летнік. На працягу дзевяці дзён школьнікі там жывуць у казарменных умовах, вучацца працаваць са зброяй, адпрацоўваюць сілавыя прыёмы і праходзяць ідэалагічны курс на тэму вайны ва Украіне і супрацьстаяння Захаду.

Псіхолаг: Апрацаваць усіх і выхаваць паслухмяную масу рэжыму не ўдасца

У тым, што гэтак рэжым мае намер выхаваць абсалютна паслухмяных асобаў, сумневаў не застаецца. Пытанне – што будзе з псіхікаю дзяцей пасля перабывання ў такім летніку.

«Дамагчыся мэты такім спосабам рэжыму наўрад ці ўдасца. І ў школе, і ў школьных летніках дзецям могуць казаць што заўгодна, але вызначальнае тут – абстаноўка ў сям’і, – упэўненая псіхалагіня Вольга Давыдава. – Па-першае, любое агрэсіўнае навязванне ідэалогіі выклікае адваротны эфект. Па-другое, як бы рэжым ні намагаўся стварыць інфармацыйную блакаду, у сучаснай моладзі ёсць доступ да самай рознай інфармацыі. Шмат хто бывае за мяжою, выдатна дасведчаны, што адбываецца ў грамадстве насамрэч».

На выпадак, калі бацькі даведаюцца, што ў летніку або навучальнай установе з дзецьмі спрабуюць ці ўжо праводзілі ідэалагічна вывераныя выхаваўчыя захады, псіхалагіня раіць шчыра гаварыць з дзецьмі, цікавіцца, як гэта адбывалася, што пры гэтым адчувала дзіця і ці было яму страшна. І пасля гэтага вельмі даступнымі словамі адказаць на ўсе ягоныя пытанні.

«На шчасце, адэкватных педагогаў усё ж большасць, – запэўнівае нашая суразмоўца з адукацыйнай сферы. – Шмат хто, каб адсправаздачыцца і партызаніць далей, пішуць «левыя» паперы аб праведзеных выхаваўчых і ідэалагічных захадах, зрываюць іх з прычыны нібыта дрэннага надвор’я або адводзяць дзяцей проста ў паход, далей ад ідэолагаў».

Надзея Вольная belsat.eu

Стужка навінаў