Цяжкае становішча ЗСУ ў Данецкай вобласці. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 863-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 5 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайскоўцы ЗСУ падчас вучэнняў у Данецкай вобласці, Украіна. 2 ліпеня 2024 года.
Фота: Jose Colon / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На паўночным захадзе ад Харкава працягваюцца баі ў ваколіцах сяла Сотніцкі Казачок, якое знаходзіцца на мяжы з РФ. Расейскі ваенкор Сямён Пегаў мяркуе, што сам населены пункт мог перайсці пад поўны кантроль Узброеных сілаў РФ.

Таксама ў Харкаўскім раёне фіксуюцца сустрэчныя баі на ўчастку фронту паміж сёламі Глыбокае і Ліпцы (на паўночным усходзе ад абласнога цэнтру), але лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

У Чугуеўскім раёне баявыя дзеянні лакалізуюцца на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў, але пакуль ніводны з бакоў канфлікту не можа істотна прасунуцца.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі не менш за чатыры атакі праціўніка каля сёлаў Сынькоўка, Стэльмахаўка і Навасёлаўка.

Больш інтэнсіўныя баі ідуць на суседнім ліманскім кірунку, дзе расейцы атакуюць у ваколіцах Грэкаўкі, Макееўкі, Неўскага і Цернаў, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва. Пры гэтым адзначаецца, што найбольшая актыўнасць войскаў РФ засяроджаная каля сяла Церны. Зменаў па лініі сутыкнення адсутнічаюць.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

На так званым сівэрскім выступе (з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец) Узброеныя сілы РФ ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Белагораўка, Верхнякаменскае, Выемка і Спірнае,  імкнучыся знайсці слабыя месцы ў абароне праціўніка, але пакуль сітуацыя застаецца пад кантролем ЗСУ.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што ў параўнанні з мінулымі тыднямі, актыўнасць УС РФ каля Выемкі заўважна знізілася, і цяпер яны засяроджаныя на назапашванне жывой сілы, тэхнікі і боекамплекту для далейшых штурмавых дзеянняў.

На краматорскім кірунку асноўныя баі па-ранейшаму лакалізуюцца ў ваколіцах Часавага Яру. Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе, што ЗСУ на тэрыторыі самога гораду цалкам адышлі за канал Сівэрскі Данец – Данбас і занялі абарону з захаду ад яго.

Пегаў гаворыць, што на паўночным усходзе ад гораду расейцы таксама паступова прасоўваюцца да каналу.

Ніжэй па фронце, паводле ваенкора, Збройныя сілы контратакавалі на ўскрайках сяла Клішчыеўка (з поўдня ад гораду Бахмут), але поспеху не дасягнулі.

Між тым праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» сцвярджае, што ЗСУ ўдалося адбіць адну з пазіцыяў у сяле.

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на тарэцкім кірунку, дзе яны наступаюць на ўсходзе і поўдні ад аднайменнага гораду.

Канал «Два майора» адзначае расшырэнне зоны кантролю войскам РФ на каля населеных пунктаў Дружба і Паўночнае (на паўночным усходзе ад Тарэцку).

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Рыбарь» – фіксуе рух УС РФ на паўднёвым фланзе каля сяла Нью-Ёрк.

Аналітыкі праекту Deepstate пацвярджаюць поспехі войскаў РФ каля апошняга населенага пункту і суседняга да яго сяла Юр’еўка. Пры гэтым адзначаецца, што калі камандаванне ЗСУ не зможа стабілізаваць сітуацыю на кірунку, гэта неўзабаве прывядзе да беспаваротных наступстваў.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ развіваюць наступ шырокім фронтам з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

«Рыбарь» піша, што ім удалося расшырыць зону кантролю практычна на ўсіх участках кірунку. Так, каля сяла Новааляксандраўка УС РФ паспяхова праціскаюць абарону праціўніка ў бок суседніх населеных пунктаў Ваздвыжанка і Лазавацкае.

Таксама фіксуецца рух уздоўж чыгункі на ўчастку паміж Новааляксандраўкай і Сокалам. На поўначы ад апошняга сяла расейцы занялі буйны апорны пункт ЗСУ і выбілі праціўніка з заходняй часткі балкі Самойлаўка.

Ніжэй па фронце войскі РФ прасоўваюцца каля Новапакроўскага і Уманскага, а таксама ў бок Навасёлаўкі Першай.

Пегаў гаворыць пра поспехі УС РФ у ваколіцах Карлаўкі і ў сяле Яўгенаўка.

Аналітыкі праекту Deepstate пацвярджаюць крытычную сітуацыю для Сілаў абароны Украіны на ўчастку фронту паміж сёламі Ваздвыжанка – Новасёлаўка Першая.

На краматорскім кірунку працягваецца штурм расейцамі гораду Краснагораўка. Акрамя гэтага ім удалося выйсці да ўскрайкаў сяла Канстанцінаўка. На апошнім участку ЗСУ падцягваюць рэзервы і рыхтуюцца да абароны.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці войскі РФ ціснуць каля сёлаў Вадзяное і Макараўка, але пакуль Збройным сілам удаецца ўтрымліваць пазіцыі.

У Запарожскай вобласці атакі расейцаў па-ранейшаму лакалізуецца на выступе па фронце ў ваколіцах гораду Арэхаў. Канал «Два майора» адзначае павелічэнне інтэнсіўнасці наступальных дзеянняў, але пакуль гэта не прыводзіць да істотных поспехаў.

У Херсонскай вобласці ідуць баі ў астраўной зоне Дняпра – лінія сутыкнення нязменная.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў