Літва не падоўжыла ДНЖ беларусу, які раней працаваў у МНС – ён аспрэчвае гэтае рашэнне


Напрыканцы чэрвеня 2024 года актывіст з Мар’інай Горкі, удзельнік выбарчай кампаніі 2020 года Віктар Евілін, які цяпер жыве ў Літве, даведаўся, што яму не падоўжылі дазвол на жыхарства праз тое, што ён раней працаваў у МНС. Мужчына не можа вярнуцца ў Беларусь і таму вырашыў абскарджваць адмову, піша «Радыё Свабода».

Віктар Евілін.
Крыніца: Радыё Свабода

У Літве Віктар знаходзіцца з 2020 года. Дазвол на жыхарства атрымаў з мэтай аб’яднання з сям’ёй (у жонкі Віктара – ПМЖ у Літве праз карані). А сёлета Дэпартамент міграцыі паведаміў беларусу, што ДНЖ яму не падоўжаць.

«У мяне быў дазвол на жыхарства з мэтай злучэння сям’і. У сакавіку я падаўся на падаўжэнне (дагэтуль мне яго працягвалі два разы). Гэтым разам выклікалі ў міграцыйную службу на відэаінтэрв’ю, пагаварылі пра жыццё ад школы да цяперашняга моманту. Пыталіся, як я стаўлюся да вайны ды іншае. Прасілі пацверджанне, што я быў назіральнікам на выбарах у 2015 годзе», – расказвае Віктар Евілін.

Акрамя таго, Дэпартамент міграцыі папрасіў прадставіць копію працоўнай кніжкі, пасля чаго 26 чэрвеня Віктар атрымаў адмову ў падаўжэнні ДНЖ і забарону на ўезд у Літву цягам двух гадоў, бо яго прызналі «пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы». Прычына адмовы – колішняя праца Віктара ў МНС.

У МНС Віктар працаваў у 2012 годзе – займаўся ацэнкай пажараў, статыстыкай. Таксама ў тым жа годзе трапіў на паўгода за краты, што мужчына лічыць «пастаноўкай» з боку сілавікоў.

«Я бачыў, як на тэрыторыі брыгады спецназу трэнавалася сілавікі ў нас у Мар’інай Горцы перад выбарамі 2010 года. Ведаў, што да выбуху ў метро ў красавіку 2011 года пажарныя разлікі былі ў дварах за 20 хвілін. Мне здавалася, гэта было спланавана, і я актыўна дзяліўся гэтымі думкамі. Мяркую, тады і трапіў пад пільную ўвагу і быў «на алоўку«», – дзеліцца думкамі Віктар.

Мужчыну затрымалі па падазрэнні ў даванні хабару. Асудзілі да 5 гадоў «хатняй хіміі». Віктар падкрэслівае, што за ўвесь час працы ў МНС не меў кантактаў з КДБ.

Пасля МНС Віктар працаваў у розных прыватных кампаніях, на кіруючых ды іншых пасадах.

Акрамя таго, беларус актыўна ўдзельнічаў у грамадскіх і палітычных кампаніях – быў на варце ў Курапатах, калі там адчынялі рэстарацыю «Поедем поедим», хадзіў на святкаванне 100-годдзя БНР, у 2020 годзе падтрымліваў Ціханоўскую, распаўсюджваў улёткі, адміністраваў тэлеграм-канал.

«Я ўваходзіў у мясцовую групу ў Пухавіцкім раёне, і мы каардынавалі сустрэчы, выступы, вялі перапіску з мясцовымі ўладамі. Арганізоўвалі пікеты, запрашалі актывістаў з Менску. Пасля ўжо збіралі грошы на дапамогу палітвязням», – пералічвае Віктар.

Разбор
«Былога пад’ёму салідарнасці няма, але падтрымка не спыняецца». Чаго чакаць беларусам у Літве?
2024.06.26 20:12

Віктара не затрымлівалі, аднак праз небяспеку ўсё ж быць арыштаваным ён разам з сям’ёй вырашыў выехаць. У снежні 2020 года ўсе атрымалі літоўскія гуманітарныя візы і паехалі ў Літву. Жонка і чацвёра дзяцей адразу атрымалі сталы дазвол на жыхарства, бо ў жонкі бацька – літовец. Віктар атрымаў часовы  ДНЖ. Уладкаваўся на працу электрамантажнікам, з 2021 года працаваў афіцыйна.

Цяпер Віктар рыхтуецца абскарджваць адмову ў падаўжэнні ДНЖ, бо не можа паехаць у Беларусь.

«У Беларусь 100% немагчыма. Буду праходзіць усе інстанцыі абскарджання. Ад такой сітуацыі выйграе толькі Лукашэнка. У Беларусі мяне могуць толькі пасадзіць, ды і дом мы прадалі», – кажа мужчына.

«Радыё Свабода» звярнулася ў міграцыйную службу Літвы наконт гэтага выпадку, там адказалі, што не каментуюць інфармацыю адносна юрыдычнага статусу і асабістых звестак грамадзянаў.

Hавiны
Замежнікам у Літве стане больш складана знайсці працу. Давядзецца атрымаць ВНЖ
2024.07.01 16:57

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў