Па дзяржТБ у Берасці шукаюць палітзняволеную Вікторыю Лысковіч, якая ўцякла з «хіміі». У сюжэтах людзей просяць паведаміць у міліцыю, дзе знаходзіцца дзяўчына, заўважыў праваабарончы цэнтр «Вясна».
На берасцейскім дзяржтэлеканале перыядычна паказваюць Вікторыю Лысковіч. Гэта былая палітзняволеная з Берасця. Яна адбывала «хімію» па «справе карагодаў». Паводле звестак праваабаронцаў, пасля рэйду сілавікоў у папраўчай установе адкрытага тыпу, у якой яна знаходзілася, дзяўчыне пагражала яшчэ адна крымінальная справа. Таму ў пачатку 2022 года яна збегла за мяжу.
У красавіку 2024 берасцейскае дзяржТБ паказала фота Вікторыі, якое было зробленае ў зняволенні, і абвясціла, што яна «у міждзяржаўным вышуку» за «самавольнае пакіданне папраўчай установы».
«А на днях з’явіўся падобны ролік. Але там выкарыстоўваліся іншыя фатаграфіі. У тым ліку фота з інтэрвʼю Вікторыі для “Вясны” з Літвы (праўда, вадзяны знак “Вясны” на фота абрэзалі). Гледачоў зноў папрасілі патэлефанаваць у беларускую міліцыю і паведаміць месцазнаходжанне Вікторыі Лысковіч», – адзначае «Вясна».
«Справа карагодаў» зʼявілася пасля таго, як пратэстоўцы ў Берасці выйшлі на праезную частку 13 верасня 2020 года. Іх разганялі з дапамогай вадамёта.
7 траўня 2021 года за гэта пакаралі 14 чалавек. Ім прысудзілі ад 1,5 гадоў «хатняй хіміі» да 1 года калоніі. Вікторыю, як і яе маці, пакаралі 1,5 гадамі хіміі.
Арсен Рудэнка belsat.eu