Калі твая каманда за паўгода забіла нуль галоў, лепш памаўчаць

«Мы не горш за славенцаў ці тых жа грузінаў, ды за і славакаў таксама», – заявіў галоўны трэнер зборнай Беларусі Карлас Алёс. Давайце абмяркуем словы іспанца, які апошні раз перамагаў за дзедам шведам.

Здымак мае ілюстарцыйны характар. Галоўны трэнер зборнай Беларусі Карласа Алёса Фэрэра падчас футбольнага матчу Еўрапейскай кваліфікацыі УЕФА паміж Швейцарыяй і Беларуссю. Санкт-Гален, Швейцарыя. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Daniela Porcelli / SPP / imago sport / Forum

Такім чынам, газеце «Прессбол» Карлас Алёс заявіў: Гісторыя зборнай Грузіі служыць прыкладам для зборнай Беларусі – пры правільнай тактыцы і дысцыпліне можна паспяхова змагацца з фаварытамі. І нам тое ўдавалася ў адборачным турніры. Унічыю згулялі з румынамі і швейцарцамі, а на «Еўра» абедзве каманды прабіліся ў 1/8 фіналу, а адна ўжо дайшла і да чвэрцьфіналу. Гэта футбол. Думаю, мы не горш за славенцаў ці за тых жа грузінаў, ды і за славакаў таксама. Зборная Славеніі ў сакавіку згуляла на Мальце ўнічыю з гаспадарамі – як і беларусы праз некалькі дзён. Хоць разумею, што таварыскія сустрэчы не варта браць за арыенцір.

Давайце згадаем, як іспанец стаў галоўным трэнерам зборнай Беларусі. Футбольная зборная Беларусі правальна выступала на адборы на «Еўра-2024» пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева. І раптам Кандрацьеў перамагае Косава – 2:1. Але новае кіраўніцтва АБФФ пад кіраўніцтвам Мікалая Шарснёва ўжо прыняло рашэнне Кандрацьева прыбраць, і тут раптам узнікае праблема: ніхто не хоча стаць галоўным трэнерам зборнай Беларусі, беларускія і замежныя спецыялісты адмаўляюцца адзін за адным. У выніку зʼяўляецца гэты 48-гадовы іспанец, якога 7 жніўня прызначаюць на пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі, падпісаўшы з ім кантракт да канца 2024 года. Але пазней аказваецца, што не ўсё ў афіцыйнай біяграфіі Алёса, мякка кажучы, праўда: ён ніколі не трэнаваў каманду «Барсэлоны» U-19 і не быў тэхнічным дырэктарам міжнародных праектаў «Барсэлоны», а з моладзевай зборнай Казахстану не правёў ніводнай афіцыйнай гульні, бо быў звольнены нашмат раней. Але ўсім усё нармальна, ніхто не звяртае ўвагі на гэтыя факты. Як і на тое, што чалавек працаваў са зборнай Руанды. Выглядае, Алёсу падабаецца супрацоўнічаць з крыважэрнымі рэжымамі.

Здымак мае ілюстарцыйны характар. Галоўны трэнер зборнай Беларусі Карласа Алёса Фэрэра падчас футбольнага матчу Еўрапейскай кваліфікацыі УЕФА паміж Швейцарыяй і Беларуссю. Санкт-Гален, Швейцарыя. 15 кастрычніка 2023 года.
Фота: Daniela Porcelli / SPP / imago sport / Forum

Так вось, першую гульню на чале зборнай Беларусі Алёс згуляў у карлікавай Андоры (162-е месца ў свеце) і завяршыў яе з лікам – 0:0. Потым ледзь не паўтарыў гэтыя нулі ў Ізраілі, але Беларусь прапусціла (увага!) адзіны гол на апошняй хвіліне. І тут зноў 0:0 з Румыніяй. За тры гульні каманда забівае нуль галоў, але бярэ адразу два пункты. Алёс да гэтага ставіцца вельмі пазітыўна. А потым адбылася найлепшая гульня зборнай Беларусі пад кіраўніцтвам іспанца, яркая нічыя са Швейцарыяй – 3:3. Але як можна аддаць гульню, калі на 84-й хвіліне ты вядзеш, – 3:1? Аказваецца, можна, калі ў цябе няма класу і характару. А потым зборная Беларусь двойчы перамагае з лікам 1:0 Андору і Косава і завяршае год па-каралеўску, футбольныя ўлады вельмі задаволеныя. Але раптам пачынаецца год 2024, і тут Беларусь гуляе 0:0 з Мальтай (179-е месца ў свеце), а потым 0:2 ад Чарнагорыі, і па 0:4 ад Расеі і Ізраілю, і аказваецца, што кароль – голы.

І тады Алёс пачынае казаць тое, што хоча чуць ягонае кіраўніцтва. Напрыклад: «Наконт адхілення Расеі і расейскіх клубаў… На мой погляд, гэта дрэнна для футболу, гульцоў, заўзятараў. Лічу, што ў еўрапейскім футболе павінны браць удзел усе наймацнейшыя зборныя і клубы. Для футболу гэта было б лепш. Але маё меркаванне нічога не можа змяніць у сітуацыі, якая склалася. Бываюць выпадкі, калі ты пры ўсім жаданні нічога не можаш зрабіць», – заявіў галоўны трэнер зборнай Беларусі падчас прэс-канферэнцыі перад гульнёю з Расеяй.

Сёння Алёс з футбольнага трэнера ператварыўся ў замежнага ідэолага, які скажа ўсё, што захоча рэжым, і данясе гэтыя пасланні Захаду, бо ці можа быць сумленне ў чалавека, які пагадзіўся трэнаваць зборную Руанды і лукашэнкаўскай Беларусі?

Здымак мае ілюстарцыйны характар. Кваліфікацыйны матч Чэмпіянату Еўропы па футболе 2020 паміж Нямеччынай і Беларуссю. 16 лістапада 2019 года. «Барусія» (Мёнхэнглядбах), Нямеччына.
Фота: Jan Huebner / imago sport / Forum

Беларусь не трапляла на топ-турнір, калі магла сабраць сваіх лепшых гульцоў, а што казаць цяпер? Частка гульцоў скончыла карʼеры, бо іх занеслі ў чорныя спісы рэжыму. Найлепшы беларускі футбаліст Ілля Шкурын заявіў, што не будзе гуляць за зборную, пакуль у краіне пануе рэжым Лукашэнкі, і слова трымае. Яшчэ адзін добры форвард – Яўген Шыкаўка, робіць усё, каб не ехаць у зборную лукашэнкаўскай Беларусі.

У Беларусі няма ніводнага футбаліста, які б гуляў у топ-5 чэмпіянатаў Еўропы.

За шэсць гадоў (тры адборачныя турніры) Беларусь можа пахваліцца мірнымі вынікамі з Румыніяй (0:0) і Швейцарыяй (3:3), і паразамі ад Бельгіі 0:8, Ўэльсу – 1:5, і чатыры разы па 0:4 ад немцаў, галандцаў, расейцаў і ізраільцянаў. Гэтак любая зборная можа выдаць адзін добры матч, але топ-турнір – гэта прынамсі тры гульні за кароткі перыяд, калі ты мусіш гуляць на максімуме.

Давайце зірнем, дзе гуляюць грузіны, славенцы і славакі? Грузіны ў Італіі, Іспаніі, Англіі, і пасля гэтага турніру грузінаў у Еўропе стане яшчэ больш.

Славенія не прайграла на гэтым «Еўра» ніводнай гульні, яе галкіпер Ян Облак ужо дзесяць гадоў гуляе ў топавым «Атлетыка» з Мадрыду, а яе форвард Бэньямін Шэшка забіў 14 галоў у Нямеччыне, і сёння яго хочуць найлепшыя клубы Еўропы. Тое ж самае славакі – двое з трох галкіпераў гуляюць у Англіі, а Станіслаў Лаботка – ключавы гулец «Напалі», які ў пазамінулым сезоне быў чэмпіёнам Італіі.

Алёс мусіць прызнаць, што ён трэнуе зборную-аўтсайдарку, у якой у найбліжэйшы час няма ніякіх перспектываў, так што словы іспанца выглядаюць смешна. Але, як казала мая бабуля, гаварыць – не мяхі насіць.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў