Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан прыляцеў у Маскву


5 ліпеня прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан прыляцеў з візітам у Маскву.

Віктар Орбан падчас візіту ў Кіеў. 2 ліпеня 2024 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Самалёт вугорскага палітыка прызямліўся ў аэрапорце «Унукава», паведамляюць расейскія медыі.

Пра пачатак візіту паведаміў і прэс-сакратар вугорскага ўраду, які адзначыў, што Віктар Орбан прыбыў у Маскву «ў межах сваёй міратворчай місіі». Прадстаўнік ураду анансаваў сустрэчу Орбана з Уладзімірам Пуціным.Падчас гэтай сустрэчы будзе абмяркоўвацца вайна ва Украіне, паведамляюць расейскія медыі.

Нагадаем, што 2 ліпеня Віктар Орбан наведаў Кіеў, дзе правёў сустрэчу з Уладзімірам Зяленскім. Гэта быў першы візіт у Кіеў вугорскага палітыка, вядомага сваёй прарасейскай пазіцыяй, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Мэтай гэтага візіту сам Орбан назваў жаданне «зрабіць свой унёсак у пошук развязання праблемаў, якія паўстаюць перад Еўрапейскім Звязам».

Падчас сустрэчы Віктар Орбан прапанаваў прэзідэнту Украіны спыніць агонь на фронце, падкрэсліўшы, што гэтая вайна «вельмі інтэнсіўна ўплывае і на бяспеку Еўропы».

Пры гэтым Уладзімір Зяленскі ў сваёй заяве для медыяў пазбег гэтага пытання, але адзначыў, што Вугоршчына падтрымала мірныя ініцыятывы Украіны на саміце ў Швейцарыі.

Апошні раз Віктар Орбан наведваў Маскву падчас пахавання першага прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова. Гэта адбылося ў верасні 2022 года, ужо пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў