Піяр, грошы і гарантыі супраць Расеі? Навошта Лукашэнка зацягнуў Беларусь у ШАС


Аляксандр Лукашэнка працягвае выводзіць Беларусь з Еўропы. Цяпер нашая краіна сталася першай еўрапейскай дзяржавай, што далучылася да азіяцкай Шанхайскай арганізацыі супрацы, вельмі цьмянай у сваіх мэтах і задачах. Апытаныя «Белсатам» эксперты падзяліліся думкамі адносна таго, каму і навошта патрэбнае гэтае далучэнне.

Кіраўнікі дзяржаваў Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) пазуюць для агульнага здымку ў Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года.
Фота: Gavriil Grigorov / Pool / AFP / East News

Шанхайская арганізацыя супрацы была заснаваная ў 2001 годзе. Галоўнымі задачамі яна абвясціла ўмацаванне стабільнасці і бяспекі на прасторах дзяржаваў-удзельніц, барацьбу з тэрарызмам, сепаратызмам, экстрэмізмам, наркатрафікам, а таксама развіццё эканамічнай супрацы, энергетычнага партнёрства, навуковага і культурнага ўзаемадзеяння.

Беларусь удзельнічала ў ШАС у якасці партнёра ў дыялогу з 2010 года, з 2015-га – у статусе назіральніка. 16 верасня 2022 года было абвешчана пра пачатак працэдуры ўступлення нашай краіны ў арганізацыю. У рамках гэтага працэсу Беларусь далучылася да больш чым 40 дамоваў. 4 ліпеня 2024 года на паседжанні Рады кіраўнікоў дзяржаваў ШАС у Астане былі падпісаныя дакументы аб далучэнні нашай краіны да арганізацыі.

На сённяшні дзень у аб’яднанне ўваходзяць дзесяць краінаў. Акрамя Беларусі, гэта Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Узбекістан. Таксама ў статусе назіральнікаў у ШАС застаюцца Афганістан і Манголія, а ў статусе партнёраў у дыялогу – Азербайджан, Арменія, Бахрэйн, Егіпет, Камбоджа, Катар, Кувейт, Мальдывы, М’янма, Непал, ААЭ, Саудаўская Аравія, Турцыя і Шры-Ланка.

Змагацца з «эгаістычным Захадам» і накарміць бедных

На саміце ў Астане самаабвешчаны кіраўнік Беларусі заявіў, што гатовы працаваць поплеч з Кітаем для рэалізацыі супольных прыярытэтаў. Паводле Лукашэнкі, «неабходна выбудоўваць сапраўдную і непадзельную глабальную бяспеку».

«Пры гэтым ініцыятыву павінны ўзяць на сябе краіны Глабальнай большасці, бо самазакаханы, эгаістычны Захад на такое аказаўся не здольны. Там сёння няма лідараў, здольных прымаць адказныя рашэнні самастойна», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў партнёраў з ШАС ёсць узаемавыгадныя праекты ў энергетыцы, транспарце і лагістыцы, фінансах і прамысловай кааперацыі, але няма «дакладных правілаў» у межах арганізацыі, ад якіх «выйграюць усе». Ён таксама паскардзіўся на санкцыі адносна мінеральных угнаенняў, тэхнікі, сродкаў аховы раслінаў і маршрутаў транспартавання, заявіўшы, што менавіта ад гэтага, а не ад палітыкі кіроўных там рэжымаў, галадаюць найбяднейшыя дзяржавы Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

«У нашых сілах разбурыць муры аднапалярнага свету, накарміць людзей, ліквідаваўшы шмат супярэчнасцяў і канфліктаў з прычыны сацыяльнай няроўнасці, дэфіцыту харчавання і рэсурсаў», – сказаў Лукашэнка.

Апроч таго, ён паабяцаў прыкласці ўсе намаганні, каб пашырыць кола саюзнікаў і прыхільнікаў ШАС. Для гэтага палітык плануе «максімальна ўвязаць» прапановы Менску адносна трансферу тэхналогіяў, інфармацыйнай бяспекі, транспарту і лагістыкі, прамысловасці, гандлю і інвестыцыяў з ініцыятывамі ШАС. Праўда, незалежныя эксперты сумняваюцца ў здольнасці арганізацыі зрабіць хоць нешта ў гэтым кірунку.

Антызаходняя СНД з Кітаем на чале

Далучэнне Беларусі на чале з Лукашэнкам да арганізацыі ўжо асудзілі дэмакратычныя сілы. Гэтак, абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская заявіла, што «гэтае сяброўства выгаднае толькі рэжыму, а не народу Беларусі».

«Паважаныя лідары не павінны мець стасункаў з дыктатарам, які тэрарызуе сваіх грамадзянаў. Такія дзеянні паказваюць адсутнасць прыхільнасці да дэмакратычных прынцыпаў у ШАС», – напісала яна ў сацсетцы X.

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін і самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка вядуць размову з іншымі ўдзельнікамі саміту Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС) у Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года.
Фота: Turar Kazangapov / Reuters / Forum

У каментары «Белсату» намеснік Святланы Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце Павел Латушка адзначыў, што ШАС, куды ўступіла Беларусь, мае зусім іншую філасофію ў параўнанні з Еўрапейскім Звязам, куды б нашая краіна магла ўступіць. Паводле Латушкі, Еўразвяз – гэта аб’яднанне, дзе выконваюцца прынятыя рашэнні і дзе ёсць «магчымасць атрымання рэальных сродкаў на рэалізацыю канкрэтных праграмаў, на эканамічнае развіццё, на выкананне акрэсленых стандартаў», а ШАС – гэта «штосьці накшталт СНД», дзе ёсць пытанне да выканання прынятых рашэнняў.

З гэтым згодная і экспертка ў пытаннях Усходняй Азіі Наталля Бутырская. Яна адзначыла, што ШАС складаецца з краінаў з рознымі інтарэсамі, у яе няма цэласці і супольных мэтаў. Таму нават немагчыма назваць ШАС саюзам ці блокам, як і вызначыць, чым ён займаецца: калі ад пачатку арганізацыя стваралася з мэтаю бяспекі, то цяпер там ідуць дыскусіі датычна свабоднай эканамічнай зоны або стварэння фінансавых фондаў, сказала Бутырская.

«Шанхайскую арганізацыю заўважылі толькі тады, калі яна раскінулася на больш як траціну насельніцтва і чвэрць валавога прадукту свету. Ну і ўсё, акрамя колькасці насельніцтва і валавога прадукту, у гэтай арганізацыі нічога няма», – заявіў Яўген Красулін, кандыдат гістарычных навук, адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях.

Як адзначыла Бутырская, чальцы арганізацыі перыядычна паміж сабою ваююць, як адбываецца паміж Таджыкістанам і Кыргызстанам ды Індыяй і Пакістанам. Да таго ж, паводле эксперткі, для шмат якіх краінаў некамфортна быць удзельнікам блоку, накіраванага супраць Захаду, што робіцца галоўным мэсіджам з боку Кітаю і Расеі. Гэтак, на саміце ШАС у Астане Індыя была рэпрэзентаваная толькі на ўзроўні міністра замежных справаў. На думку Бутырскай, некамфортна было нават Казахстану, які «цяпер балансуе паміж рознымі цэнтрамі сілы і ўзаемадзейнічае актыўна з еўрапейскімі краінамі, прымае інвестыцыі з вялікім задавальненнем».

І ў гэтых умовах у арганізацыю прынялі Беларусь, дзейнасць уладаў якой, як адзначыў Латушка, наўпрост супярэчыць такім заяўленым мэтам ШАС, як умацаванне стабільнасці і бяспекі, барацьба з тэрарызмам і сепаратызмам. У прыватнасці, ён згадаў міграцыйны крызіс на мяжы з Еўразвязам і падтрыманне Расеі ў вайне ва Украіне ды акупацыі рэгіёнаў апошняй.

«Пра якія прынцыпы мы можам казаць у гэтай арганізацыі? Іх не існуе, калі ў такім статусе ёсць Расея, у такім статусе прымаюць Лукашэнку ў гэтую арганізацыю», – сказаў палітык.

На думку Красуліна, уключэнне Беларусі і рост антызаходняй рыторыкі ў ШАС будзе прымушаць Індыю і некаторыя іншыя краіны трымацца ўсё далей ад гэтай арганізацыі.

«Тым не менш Кітай яе будзе выкарыстоўваць як механізм, як магчымасць мець краіны-аднадумніцы, аб’яднаныя вакол яго», – сказала Бутырская.

Васал майго васала не мой васал?

На думку Латушкі, уступленне Беларусі выгаднае Кітаю, бо такім чынам ШАС значна пашырае сваю мяжу з Еўрапейскім Звязам, што адкрывае «акно эканамічных магчымасцяў» для КНР. Тым больш, што Пекін у супрацьстаянні з ЗША зацікаўлены аб’яднаць як мага больш краінаў «пад сваім парасонам».

Апрача таго, паводле Латушкі, сяброўства Беларусі выгаднае і Крамлю, бо цяпер шэсць з дзесяці краінаў ШАС – гэта постсавецкія рэспублікі «ў большай ці меншай ступені лаяльнасці». Пры гэтым Лукашэнка – «васал» Расеі, які будзе «абсалютна выконваць тую ролю, што патрэбная будзе Пуціну ў гэтай арганізацыі».

Сцягі краінаў-удзельніцаў саміту ШАС на ўваходзе ў Палац міру і прымірэння ў Астане, Казахстан. 4 ліпеня 2024 года.
Фота: Utku Ucrak / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Лукашэнку ж ШАС, на думку Бутырскай, дае міжнароднае прызнанне, бо «ён доўгі час застаецца і пад санкцыямі, і ў складаных стасунках з Захадам, фактычна дзверы для яго зачыненыя». У выніку Лукашэнка шукае іншыя міжнародныя платформы, «дзе ён будзе прызнаны, дзе яму будзе камфортна». А ў ШАС у яго «практычна з усімі краінамі, з іх лідарамі» добрыя стасункі, сказала экспертка.

Да таго ж, Бутырская адзначыла, што арганізацыя дазваляе яму перанакіроўваць свой гандаль у Азію, «бо гэтыя краіны не прытрымліваюцца ніякіх санкцыяў, і яны гатовыя гандляваць і атрымліваць тавары з Беларусі». А грошы Лукашэнку патрэбныя, бо «Расея цяпер уцягнутая ў агрэсіўную вайну, у яе вялікія вайсковыя выдаткі, і яна не можа быць тым донарам на сённяшні дзень, якім была раней».

Акрамя таго, экспертка мяркуе, што ШАС патрэбны Менску для паляпшэння стасункаў асабіста з Кітаем, каб, з аднаго боку, быць лепш інтэграваным у кітайскія лагістычныя шляхі і схемы, а з другога – каб з дапамогай Пекіну выбудоўваць «сваю легітымнасць, нейкую субʼектнасць Беларусі» ў дачыненнях з Расеяй, збалансаваць, наколькі магчыма, яе ўплыў. Не выключае Бутырская і таго, што такім чынам Лукашэнка спрабуе выбіць пэўныя гарантыі і асабіста для сябе.

Аднак кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін нязгодны з тым, што ШАС дазволіць Лукашэнку знайсці баланс паміж Расеяй і Кітаем, бо гэта «расейска-кітайская арганізацыя», у якой Пекін не будзе «адбіраць інтарэсаў свайго найбліжэйшага партнёра».

«Адбіраць у Пуціна ягонага васала Сі Цзінь Пін ні ў якім разе не будзе», – заявіў Красулін.

Ён мяркуе, што для Лукашэнкі проста важная прысутнасць у медыйнай прасторы, бо для палітыка «любое ўзгадванне, акрамя некралогу, гэта плюс». Да таго ж саміт ШАС дазваляе правесці двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі іншых краінаў, чым таксама займаўся ў Астане Лукашэнка, ды выкарыстаць гэтыя падзеі з мэтаю прапаганды. «Пералік нейкіх плюсікаў на гэтым завяршаецца», – сказаў Красулін.

На ягоную думку, ШАС не дасць Беларусі і непасрэднай эканамічнай карысці, бо арганізацыя не мае ніякіх механізмаў эканамічнага ўзаемадзеяння і развіцця, а ўся эканамічная супраца адбываецца ў двухбаковым фармаце паміж асобнымі краінамі-чальцамі. Не чакае ён і моцнага палітычнага падтрымання рэжыму Лукашэнкі.

«Падтрымка палітычная будзе, але будзе сягаць да пэўных межаў і да пэўных рэсурсаў, затраты якіх будуць апраўданымі. Пры змене палітычнага рэжыму ў Беларусі чальцы арганізацыі наўрад ці будуць кіраваць свае войскі, паліцэйскія сілы дзеля таго, каб дапамагчы Лукашэнку», – сказаў Красулін.

Пры гэтым сам Лукашэнка, перакананы эксперт, «не толькі не нясе за сабой павелічэнне бяспекі ці паляпшэнне эканамічных стасункаў, ён яшчэ і моцна псуе імідж гэтай арганізацыі».

На думку Красуліна, хоць Беларусь у асобе Лукашэнкі павярнулася да Азіі, гэта наўрад ці будзе мець вялікія наступствы для беларускага грамадства, якое, паводле гісторыка, моцна арыентаванае на Еўропу. Больш за тое, эксперт мяркуе, што гэтая «азіятызацыя» Беларусі, з улікам стаўлення жыхароў краіны да рэжыму, у будучыні можа станоўча паўплываць на еўрапейскі выбар краіны.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў