Сілавікі затрымалі хлопца за бел-чырвона-белыя палосы на куртцы. За гэта на яго завялі адміністратыўную справу і арыштавалі на 15 содняў. Раней яго прымусілі «перабіць» тату.
На «пакаянным» відэа, запісанае сілавікамі, відаць, што белыя і чырвоныя палоскі на куртцы – заводскія, хлопец нічога не прышываў. Аднак яго ўсё роўна арыштавалі на 15 дзён.
Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, раней хлопца ўжо затрымоўвалі за «экстрэмісцкую» татуіроўку, якую яго прымусілі «перабіць». Ён зрабіў гэта і прыйшоў адсправаздачыцца да сілавікоў.
Гэта не першы выпадак, калі беларускія сілавікі затрымоўваюць грамадзянаў за «няправільнае» спалучэнне колераў на адзенні. Гэтак, у 2021 годзе ў Горадні затрымалі дзяўчыну з бел-чырвона-белымі лампасамі на штанах. Яна правяла содні за кратамі і атрымала буйны штраф. «Я пыталася ў міліцыянтаў, за што мяне затрымалі. На што яны адказалі пытаннем: «То бок вы сваймі штанамі нічога не хацелі сказаць?» – расказвала тады дзяўчына.
Вядомыя выпадкі, калі людзей затрымоўвалі нават за шкарпэткі не тых колераў і прысуджалі штрафы ці содні. Нібыта так яны пікетавалі. Таксама беларусаў затрымоўвалі за бела-чырвоны букеты кветак і БЧБ-пасцілу.
Алена Рувіна belsat.eu