Беларусам, якім блакуюць рахункі ў Польшчы, параілі звяртацца ў таварыства абароны спажыўцоў


28 траўня 2024 года намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка звярнуўся ў Камісію фінансавага нагляду Польшчы з-за праблем закрыцця рахункаў беларусаў у банку Santander. Яму прыйшоў афіцыйны адказ ад польскіх уладаў.

12.04.2022 Olsztyn Bank Santander przy ul Pilsudskiego fot Hubert Hardy/REPORTER

З афіцыйнага ліста, атрыманага НАУ 21 чэрвеня 2024 г. ад Камітэту фінансавага нагляду Польшчы, вынікае, што дзеянні банку не зʼяўляюцца патрабаваннем польскіх уладаў альбо еўрапейскімі санкцыямі. Рашэнні аб дадатковых патрабаваннях з боку банку да кліентаў былі прынятыя выключна па рашэнні самога банку.

Як растлумачылі ў Камітэце, устанаўленне або спыненне індывідуальных дагаворных адносін паміж банкам і кліентам, зʼяўляецца самастойным рашэннем банку. Такія рашэнні залежаць ад шматлікіх фактараў, заснаваных на прынцыпах кіравання рызыкамі. Меры могуць быць звязаныя з фінансавай бяспекай, у тым ліку барацьбой з адмываннем грошай ці фінансаваннем тэрарызму.

Камітэт фінансавага нагляду Польшчы інфармуе, што кліенты могуць падаць скаргу ў сам банк, атрымаць кансультацыю па сваіх спрэчках у фінансавага Амбудсмена ці рэгіянальных Амбудсменаў па абароне правоў спажыўцоў, а таксама ў няўрадавых арганізацыях па абароне правоў спажыўцоў. Упаўнаважаныя па абароне правоў спажыўцоў арганізацыі даюць бясплатныя кансультацыі, выступаюць ад імя і ў інтарэсах спажыўцоў, аказваюць ім дапамогу ў давядзенні спраў да суда і ў іх вядзенні.

Каментар
Польскі банк дыскрэдытуе беларусаў. Хто загадаў?
2024.06.05 17:18

Раней «Белсат» таксама накіроваў у банк «Santander» некалькі запытаў з просьбаю аб каментары. Мы пыталі, ці згодныя яны з абвінавачваннямі ў дыскрымінацыі, чаму былі ўведзеныя новыя правілы, ці абсалютна ўсе кліенты – грамадзяне Беларусі атрымалі патрабаванне прынесці ВНЖ, прасілі растлумачыць, які закон патрабуе ад беларусаў менавіта дазвол на жыхарства ў ЕЗ і менавіта тэрмінам дзеяння не менш за 12 месяцаў, раскрыць, чаму такое патрабаванне з’явілася менавіта цяпер, а не ў 2022 годзе, калі пачала дзеяць норма, на якую спасылаецца банк. Адказу на нашыя запыты мы не атрымалі.

Таксама мы адсылалі свае пытанні Камісіі фінансавага нагляду (Komisja Nadzoru Finansowego, KNF). Кіраўнік дэпартаменту сувязяў з грамадскасцю гэтай Камісіі Яцэк Баршчэўскі тлумачыў, што гэта асабістая ініцыятыва банку і што гаворка не ідзе пра дыскрымінацыю беларусаў, а ў кожным выпадку выкарыстоўваецца індывідуальны падыход.

Нагадаем, банк «Santander» стаўся папулярным сярод беларусаў у Польшчы дзякуючы мінімуму дакументаў, неабходных для адкрыцця рахунку: было дастаткова пашпарту з візаю і падатковага нумару PESEL.

Але апошнім часам беларусы, якія жывуць у Польшчы, пачалі сутыкацца з новым патрабаваннем з боку банку Santander: неабходнасці наяўнасці ў кліента віду на жыхарства ў любой краіне Еўразвязу з тэрмінам дзеяння не менш як 12 месяцаў. Новыя правілы накіраваны як на новых кліентаў банку, так і трымальнікаў рахункаў. У выпадку, калі кліент банку не мае ВНЖ, банк блакуе мабільную прыладу і інтэрнэт-банкінг.

У абвестках, атрыманых кліентамі, «Santander» спасылаецца на дзве пастановы ЕЗ: «Аб абмежавальных захадах у звязку з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да агрэсіі Расеі супраць Украіны» і «Аб абмежавальных захадах у звязку з дзеямі Расеі, што дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне». Аднак у пункце адной з гэтых пастановаў (артыкул 5b) вядзецца пра абмежаванні толькі ў дачыненні грамадзянаў Расеі, але не Беларусі.

Hавiны
У Польшчы стварылі петыцыю з патрабаваннем да банку «Santander» спыніць дыскрымінацыю беларусаў
2024.06.19 17:54

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў