У Нямеччыне на фінальным турніры чэмпіянату Еўропы па футболе адбыліся першыя гульні 1/8 фіналу. На падставе іх вынікаў турнір губляе дзейнага чэмпіёна – Італію, якая саступіла Швейцарыі. А вось гаспадары «Еўра» ўпэўнена ідуць далей. Больш – у нашым аглядзе.
Швейцарыя – Італія 2:0
Швейцарыя на гэтым турніры пачала з перамогі над Вугоршчынай, а потым былі дзве нічые з Шатландыяй і гаспадарамі турніру. А вось Італія, якая прыехала на турнір як чэмпіён, гуляла так сабе. Спачатку перамога над Албаніяй, потым параза ад Іспаніі пры адсутнасці гульні ў атацы – і выратаванне на восьмай дададзенай хвіліне ў гульні з Харватыяй. Без гэтага голу Матыя Дзаканні, які зрабіў лік 1:1, Італіі проста не было ў плэй-оф.
На мінулым фінальным турніры «Еўра» Італія і Швейцарыя гулялі ў адной групе, і італьянцы тады проста знішчалі суперніка – 3:0. Тады два галы забіў Мануэль Лёкатэллі і яшчэ гол – Чыра Імобіле. Цяпер абодвух Лючана Спаллецці не ўзяў у каманду, трэнер прывёз на турнір шэсць іншых форвардаў, на ўсіх разам яны забілі адзін гол.
Але вернемся да мінулага «Еўра»: італьянцы тады ўпэўнена дабраліся да фіналу і выгулялі турнір. А Швейцарыя тады выбіла іншага гранда – Францыю, узяўшы верх у серыі пенальці, а ў 1/4 фіналу сваімі пенальці Швейцарыя саступіла Іспаніі. На апошнім топ-турніры, чэмпіянаце свету ў Катары, Швейцарыя выйшла са сваёй групы разам з Бразіліяй, але ў 1/8 фіналу яе чакала катастрофа, яна была знішчаная Партугаліяй – 1:6.
Італія ў гульні супраць Швейцарыі выглядала камандаю цалкам бяззубай і без ідэяў – і на стыку таймаў у яе браме апынуліся два галы. Спачатку Рэма Фройлер з італьянскай «Балонні» стрэльнуў у бліжні кут, дарэчы, ён стаў самым узроставым гульцоў Швейцарыі, які забіў гол за зборную, зрабіўшы гэта ва ўзросце 32 гады і 75 дзён. А ў самым пачатку другой паловы гульні адзначыўся Рубэн Варгас з нямецкага клубу «Аўгсбург». Італія так і не змагла нічога прапанаваць суперніку і бязвольна пакідае турнір.
А вось меркаванне нашага эксперта: «За тры гады пасля чэмпіёнства «Скўадра Адзура» перажыла перыяд відавочнай дэградацыі, а таксама істотнага абнаўлення. Справядлівасці дзеля зазначым, што каманда вычарпала сябе яшчэ пры Манчыні. Захаваць ранейшае не ўдалося, як і стварыць адметнае новае. У складзе апенінцаў чэмпіёнскаму роўню адпавядалі цяпер хіба толькі брамнік Джанлюіджы Доннарума ды ў нейкай ступені плэймекер Нікалё Барэлля. І камандзе відавочна бракавала такога «фантазісты», якім быў на мінулым «Еўра» Лёрэнца Інсінне. Лючана Спаллецці выбраў у свой калектыў вельмі шмат сумнеўных фігураў (найбольш яскравы прыклад – нулёвы Эль-Шаараві). Атака была бляклай, як ніколі ў гісторыі. Бэрадзі траўмаваўся перад чэмпіянатам, Бэлёцці чамусьці не ўзялі. А больш асабліва не было каго і выбіраць. Найлепшы з італьянскіх бамбардзіраў апошняга сезону серыі «A» – Скамака – толькі 12-ы. Так што хлопцы Спаллецці пакідаюць турнір зусім бясслаўна», – зазначае публіцыст, аматар футболу Уладзімір Хільмановіч.
Нямеччына – Данія 2:0
У 1992 годзе ў фінале «Еўра» ў Швецыі сустрэлася гэтая пара камандаў, тады Данія перамагла 2:0 і стала чэмпіёнам Еўропы. Цяпер немцы ўзялі люстэркавы рэванш.
З першых хвілінаў немцы абрынулі шэраг атак на браму Каспэра Смайгля, пра гэтага брамніка мы ўжо пісалі, але доўгі час супраць іх быў VAR, што адмяніў адзін гол немцаў, і цудоўны гулец Каспэр. Данія адказвала атакай на атаку і магла забіць. А на 35-й хвіліне над Дортмундам пачаўся дождж з навальніцамі і гульня спынілася на дзесяць хвілінаў.
А галоўныя падзеі з гульні развярнуліся ў пачатку другой паловы, калі VAR двойчы выступіў супраць Даніі. Спачатку ён адмяніў гол Ёакіма Андэрсэна, а ў атацы немцаў зафіксаваў у Андэрсэна гульню рукой у штрафной, а форвард «Арсеналу» Гавэрц другі раз на гэтым турніры зрэалізаваў пенальці.
А пераможную кропку ў гульні паставіў Джамаль Мусьяля. Ён забіў на гэтым «Еўра» ўжо тройчы і ў спісе бамбардзіраў дагнаў грузіна Мікаўтадзэ, які пасля ўдалага выступу на «Еўра» змяніў «Мэс» з другога дывізіёну на элітны «Манака».
Данія на гэтым турніры ні разу не выгуляла, але спадабалася заўзятарам сваёй гульнёй.
Цяпер пойдуць гульні на выбыванне, штодня дзве каманды будуць пакідаць Нямеччыну. Калі асноўны час гульні скончыцца мірам, то будуць дададзеныя два таймы на 15 хвілінаў кожны, а калі яны не дапамогуць высветліць пераможцу – будзе прызначаная серыя пенальці.
Такім чынам, 1/8 фіналу будзе разыграная з 29 чэрвеня да 2 ліпеня. Вось расклад гульняў, час беларускі:
Нямеччына і Швейцарыя чакаюць сваіх супернікаў на 1/4 фіналу.
Алесь Ляўчук belsat.eu