Кіраўнік МЗС Польшчы сказаў, як спыніць Расею


Расею можна перамагчы ў ваенным супрацьстаянні, і Захад здольны гэта зрабіць. Пра гэта ў суботу, 29 чэрвеня, заявіў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі падчас лекцыі ў брытанскім Фондзе Дзітчлі, гаворыцца на яго старонцы ў Twitter (Х).

Радаслаў Сікорскі, Радослав Сикорский
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі на прэс-канферэнцыі ў Міністэрстве замежных справаў. Варшава, Польшча. 5 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

«Насуперак сваёй вар’яцкай прапагандзе, Расея не непераможная. Яна прайграла частку сваіх войнаў. Крэмль можна спыніць і нават перамагчы – мы проста забыліся пра гэта. Рональд Рэйган казаў, што яго стратэгія па Савецкім Саюзе была простай, калі не сказаць спрошчанай: «Мы выйграем, а яны прайграюць». Мне падабаецца такі падыход», – сказаў Радаслаў Сікорскі.

Міністр падкрэсліў: каб атрымаць перавагу над Расеяй, неабходна нанава навучыцца перамагаць у гульні на эскалацыю. Адзін з магчымых крокаў, напрыклад, – канфіскацыя ўсіх 300 мільярдаў еўра расейскіх суверэнных актываў.

«Пуцін іх ужо спісаў, ён не спадзяецца іх вярнуць. Але ён таксама думае, што нам не хопіць смеласці іх узяць. Пакуль мы паказваем, што ён мае рацыю», – падкрэсліў Сікорскі.

На думку дыпламата, Пуцін шкадуе аб распадзе СССР. Таму развязаная ім вайна ва Украіне – гэта «матч-рэванш» і выклік еўрапейскім каштоўнасцям, бяспецы і заходняму ладу жыцця.

«Мы павінны перадухіліць распаўсюджванне канфлікту, але таксама павінны перамагчы. І як частка міжнароднага альянсу дэмакратый, мы можам гэта зрабіць», – сказаў ён.

Радаслаў Сікорскі перасцярог, што ў выпадку перамогі ў вайне супраць Украіны Расея ўзмоцніць «глабальную кааліцыю дыктатур», што прывядзе да нестабільнасці не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце.

Нагадаем, 14 чэрвеня Уладзімір Пуцін заявіў, што быццам бы гатовы да «мірных перамоваў» з Украінай. Але для гэтага ўкраінцы павінны вывесці свае войскі з чатырох абласцей, акупаваных Расеяй. Таксама Украіна павінна адмовіцца ад перспектывы сяброўства ў NATO.

У сваю чаргу, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі параўнаў прапанову Пуціна з гітлераўскім нацызмам. Зяленскі зазначыў, што «мірныя прапановы» Уладзіміра Пуціна была памылкай расейскага правадыра.

«Гэта вялікая памылка, якая для нас карысная… Тут, за кулісамі, амаль усе казалі, што адным гэтым мэсіджам Пуцін перадаў усяму свету, што ўсё, што ён да гэтага казаў пра жаданне скончыць вайну, памножана на нуль. Пра гэта казалі ўсе краіны, нават тыя, якія маюць іншы погляд ці мелі. І гэта таксама вялікі поспех. Часам памылкі ворага – гэта таксама поспех», – рэзюмаваў прэзідэнт Украіны.

Аналітыка
Ці могуць Расея і Украіна сесці за стол перамоваў?
2024.03.28 07:00

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў