У Гомельскай і Берасцейскай абласцях у рамках раптоўнай правярання боегатовасці Узброеных сілаў Беларусі вайскоўцы будуць ствараць блокпасты, ажыццяўляць праверку машын і дакументаў. Пра гэта паведамляе Гомельскі абласны выканаўчы камітэт.
Мясцовыя ўлады зазначаюць, што цяпер вайскоўцы Сілаў спецыяльных аперацыяў сумесна з ракетнымі войскамі і артылерыяй адпрацоўваюць узмацненне ўчасткаў дзяржаўнай мяжы «на магчымых напрамках незаконнага пранікнення ўзброеных груп баевікоў, перакрыцця каналаў дастаўкі зброі, боепрыпасаў і іншых сродкаў, а таксама выконваюць шэраг іншых задач».
«Падчас адпрацоўкі падраздзяленні могуць выконваць задачы на розных участках мясцовасці, а таксама арганізоўваць блокпасты, ажыццяўляць праверку машын і дакументаў.
Просім насельніцтва ставіцца да такіх праверак з разуменнем – гэта робіцца ў мэтах нашай з вамі бяспекі», – кажуць у Гомельскім аблвыканкаме.
Нагадаем, Мінабароны 21 чэрвеня абвесціла раптоўнае правяранне баявой гатовасці Узброеных сілаў Беларусі, якая мае адбыцца на тэрыторыі Берасцейшчыны і Гомельшчыны. Да вучэнняў прыцягнуты вайсковыя падраздзяленні аператыўных камандаванняў, сілаў спецыяльных аперацыяў (ССА), ракетных войск, артылерыі, вайскова-паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны.
Раптоўнае правяранне беларускай арміі было абвешчана на наступны дзень пасля таго, як Дзяржаўны памежны камітэт заявіў пра павелічэнне ўкраінскага вайсковага кантынгенту на мяжы з Беларуссю ў Жытомірскай вобласці і пра недапушчальнасць правакацыяў.
28 чэрвеня Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў пра знаходжанне «Рускага добраахвотніцкага корпусу» у паласе адказнасці Жытомірскага памежнага атраду, а таксама пра разведвальныя палёты ўкраінскіх беспілотнікаў уздоўж мяжы з Беларуссю і знойдзеныя сховішчы з кампанентамі для вырабу самаробных выбуховых прыладаў.
Начальнік Генштабу Узброеных сілаў Беларусі, першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка 29 чэрвеня заявіў, што каля мяжы з украінскага боку былі заўважаныя падраздзяленні спецназу.
У Сілах спецыяльных аперацыяў таксама заявілі пра нарастанне напружанасці на мяжы і «праходы для ДРГ».
Глеб Нержын belsat.eu