news
Рэпартаж

«Аж Вісла спынялася!» У Варшаве прайшоў фестываль «Hučna Fest»

«У нас тут дом, але гэта не той дом, дзе мы самі можам вырашаць усё».
30.06.202409:48

У Варшаве 29 чэрвеня чацвёрты раз прайшоў фестываль «Hučna Fest». Літаратурныя сустрэчы і дыскусіі, арт-маркет і секцыі сацыяльных актыўнасцяў скончыліся вялікім і гучным канцэртам на беразе Віслы. «Hučna Fest – 2024» наведалі некалькі тысячаў беларусаў. Гэта было горача, гучна і – пра любоў. «Белсат» пабываў на розных пляцоўках фэсту.

Выступ гурта «РСП» на «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Чарговы – чацвёрты – «Hučna Fest» ізноў атрымаўся гарачым. Ва ўсіх сэнсах. Плюс 28 на градусніках, Вісла нібыта спынілася, жоўты верталёцік над Варшавай – і беларусы, якія шукаюць ценю, драйву, натхнення і музыкі. Беларусаў было шмат. І з пашырэннем (падаўжэннем) ценю ад намётаў, парасонаў, будынкаў і дрэваў іх станавілася ўсё больш.

Гэта было пра любоў

Калі цягам паўгадзіны ты сустракаеш на літаратурнай пляцоўцы васьмярых знаёмых, якіх не бачыў ужо год – ну дык ці не горача гэта! Такі оўпэн-эйр трэба ладзіць хаця б для таго, каб мы маглі сустракацца і абдымацца. Нягледзячы на сонца. Гэта было сапраўды фантастычна! Гэта было не тое што нават пра кнігі, вершы, музыку ці мастацтва – гэта было пра любоў!

«Я заўсёды пісала пра любоў, пра нейкую версію любові. Да 2020 года – пра нейкія юнацкія каханні, няшчасныя і дурныя. Пасля 2020-га я пісала пра такую любоў-надзею, спадзявалася на найлепшую будучыню ўсіх блізкіх і некаторых далёкіх. А ў гэтай сваёй новай кнізе я хацела пераўзыйсці папярэднія пачуцці – я хацела дайсці да ўніверсальнай любові…» – казала беларуская паэтка іспанскага паходжання Анхела Эспіноса Руіс пра сваю новую кнігу вершаў «Астралябія Божых таямніц».

Людзі слухаюць выступ гурта «Leibonik» на «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Калі на фэсце гучалі ейныя вытанчаныя вершы, думалася вось пра што: усе нашыя беларускія сустрэчы на берагах польскіх і няпольскіх рэк – гэта таксама спосаб дайсці да ўсведамлення ўніверсальнай любві. Напэўна, так.

«З усіх камянёў вашых я пабудую дом ці храм веры, свабоды, надзеі», – гучалі вершы Анхелы ў выкананні яшчэ аднаго беларускага творцы, Змітра Бартосіка, пад музычнае суправаджэнне Юстыны Карпіловіч (яна яшчэ і спявала вершы Руіс). Словы пра дом і храм узляталі над галовамі і пераляталі на іншы бераг Віслы, знікаючы за дзвюма вежамі касцёлу на Варшаўскай Празе.

Феміністка Наста Базар слухае выступ гурта «РСП» на «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

«І ў сэрцы – апостраф»

Проста за сцэнай, з якой чыталі вершы, узвышалася над намётамі напампаванае паветрам вялікае жоўтае качанё з чырвонай дзюбай і надпісам «BYSOL». Версіі, што мае сімвалізаваць гэтае качанё, у наведнікаў фэсту былі розныя. Адныя казалі, што качанё можа выконваць функцыю ратавальнага кола на вадзе. Другія казалі, што на ім можна было б пералятаць па паветры межы адной – той самай – небяспечнай краіны. Але працаўніца ініцыятывы запэўніла нас, што жоўтае птушанё нічога не сімвалізуе і ўсталяванае толькі для таго, каб прыцягнуць увагу наведнікаў.

Запэўніваем, што гэта спрацавала: пра ініцыятыву «BYSOL», якая так шмат робіць для беларусаў, цяпер ведаюць і карэнныя варшавякі. Дзеці падбягалі да качаняці і спрабавалі яго абняць. Карацей, гэта таксама было пра любоў.

Дзіцё гуляецца з надзіманай фігурай фонду «BYSOL» падчас фестывалю «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Забягаючы наперад, працытуем радкі песенькі гурта «Nochy», які адкрываў музычную праграму фэсту. «Любоў заўсёды боль. Таму што мы рана ці позна адно аднаго губляем. І да канца ў сэрцы апостраф», – спявала лідарка гурту. І зеленаватая Вісла спыняла ўсе свае лодкі і катары, каб прыслухацца.

«Я бачу класную сінергію»

Пра любоў была і дыскусія пра жаночую беларускую літаратуру. Вядоўца літаратурнай сцэны Крысціна Дробыш, якая робіць цяпер для беларусаў каласальную працу, пераводзячы пісаныя і друкаваныя тэксты ў гук (гучна!), запрасіла на сцэну пісьменніц Ганну Кандрацюк, Касю Чэкатоўскую, паэтак Насту Кудасаву і Святлану Бень. Мадэратаркай выступіла тоні лашдэн.

Зона выдавецтваў падчас фестывалю «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Аўтарка п’есаў Кася Чэкатоўская заўважыла, што літаратура – сама ўжо ўніверсальная зʼява, і ў гэтым сэнсе падзел на жаночую і мужчынскую літаратуру бессэнсоўны. Але ў палітычным сэнсе такі падзел будзе існаваць, пакуль існуе патрыярхат. Пісьменніца прызналася, што пасля жаночых кніжак не змагла чытаць «Макулатуру» Сергія Жадана. А Ганна Кандрацюк, аўтарка вядомай і адзначанай узнагародамі кнігі «У прысценку старога лесу», казала пра тое, што пісьменніцы і пісьменнікі ўвогуле пішуць цяпер кнігі «пад душу жанчыны», бо менавіта з іх складаецца чытацкі рынак.

Можа, і спрэчнае меркаванне, але не аспрэчыш таго, што большасць слухачоў дыскусіі складалі ўсё ж такі дзяўчаты і жанчыны.

Калі ў Светы Бень, паэткі і музыкі, спыталі, ці патрэбныя дадатковае падтрыманне і ўвага жаночай літаратуры, яна адказала:

«У мяне няма адказу на гэтае пытанне. Што значыцца – дадатковае? Усім патрэбнае падтрыманне: фінансавае, чалавечае, каб кватэра была, каб былі дыскусіі і сустрэчы ды віно вечарамі. І я не бачу праблемы, што жаночая літаратура мае меншае падтрыманне, чым літаратура, якую робяць мужчыны. Я бачу класную сінергію, бачу як мужчыны падтрымліваюць жанчын, жанчыны падтрымліваюць мужчын і ўсе сябруюць. А калі не сябруюць, то таму, што не вельмі разумныя людзі. І я за ўзаемападтрыманне ўвогуле!» – казала Света Бень, і гэта таксама было пра нешта большае, чым падтрыманне. Ну, пра любоў, ізноў жа.

Пасля «Nochy» выступіў «Leibonik», да сцэны ўжо не прабіцца. Гучыць: «І вось я тут як вялікая панда. Спяваю мінорную песню эмігранта…». Адна са слухачак адыходзіць у бок і плача. Плача шчыра, не хаваючы слёз… Пад «Leibonik» і Башлыкевіча (у зялёнай кашулі, з жабо) упершыню на фэсце гучыць «Жыве Беларусь!», гучна.

Выступ гурта «Leibonik» на «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

«Я ўжо нічога не памятаю пра Менск»

Але вернемся на літаратурную пляцоўку. Пасля дыскусіі пра жаночую і квір-літаратуру адбылася размова з Ганнай Янкутай, якая распавядала пра сваю кніжку «Час пустазелля» і жыццё ў эміграцыі.

«У нас тут дом, але гэта не той дом, дзе мы самі можам вырашаць усё», – казала Ганна Янкута.

Пасля выступу пісьменніцы да яе выцягнулася капітальная чарга чытачоў па аўтографы (летась на «Hučna Fest» такая ж стаяла, каб атрымаць аўтограф Альгерда Бахарэвіча).

Інтэрв’ю
Альгерд Бахарэвіч: Падлеткавая любоў да прыгодаў і таямніц ёсць любоўю да свабоды
2024.06.23 11:17

Выступ Светы Бень, якая прэзентавала разам з музыкай Сяргеем Навіцкім свой праект «WTBSK» («Віцебск») слухалі ўжо хіба сотня наведнікаў. Удзел у выступе бралі таксама тоні лашдэн, Уладзь Гарбацкі, Артур Камароўскі.

Перфарматыўнае чытанне пад электронную музыку.

«Ідэя лунала ў паветры даўно. І ў нейкі момант Света на адным віцебскім фестывалі прачытала свае вершы пад музыку. Музыку мы пішам разам. І падыход да кожнага верша – індывідуальны. Але паэзія – першасная. І для мяне гэта нейкі спектакль, сэнс якога вельмі важна падтрымаць музыкай, а часам нават не музыкай а гукавым дызайнам… Усе пяюць вакол песенькі, і гэтыя песенькі з кожным разам у плане паэзіі ўсё больш прымітыўныя і нудныя. І калі яе агучваюць як паэзію, тут трошкі іншае і трэба лавіць момант і быць у гэтым моманце», – распавёў пра праект WTBSK Сяргей Навіцкі, з якім перад самым выступам мы паразмаўлялі ў прыбярэжным ценю.

Людзі слухаюць выступ гурта «Leibonik» на «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Беларускамоўны праект Бенькі і Навіцкага сапраўды «злавіў момант». Неапісальна.

«Думаць пра памяць. Пра немагчымасць памяці… Я ўсё далей і далей. Я ўжо нічога не памятаю пра Менск, не памятаю», – гучала на набярэжнай Віслы.

«Кантрабанда свабоды і дэмакратыі»

Літаральна за 50 метраў ад літаратурнай сцэны размясціўся арт-маркет. Мастацкія і дызайнерскія вырабы, кнігі, вопратка. Тут можна было набыць карціну з відам гарадзенскай тэлевежы аўтарства мастака Яраслава Кірвеля (у капелюшы, вусаты, пасміхаецца нам), кнігі той жа Ганны Янкуты і Альгерда Бахарэвіча (выдавецтва «Янушкевіч») ці байку з надпісам «Лірычны герой без фізічнай краіны».

Пляцоўкі НДА падчас фестывалю «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

«Тое, што акрамя музычнай сцэны на «Гучна-фэсце» ёсць і літаратурная сцэна – гэта сведчанне таго, што арганізатары ўсведамляюць, якую ролю адыгрывае літаратура ў нашым жыцці. Гэтыя навінкі і раней выдадзеныя кнігі – гэта тое, што робіць нас супольнасцю, што транслюе нам нашыя каштоўнасці. Я заўсёды кажу, што літаратура – гэта такая кантрабанда свабоды і дэмакратыі, гэта тое, што дазваляе нам уяўляць сябе супольнасцю», – кажа кіраўніца Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

На іншым баку ходніка прыглядаемся да партрэту дзяўчыны з ружовымі валасамі і змазаным ружовым ротам. Прыцэньваемся (аўтарка – Таццяна Савіч) і разумеем, што на сучаснае мастацтва нас сёння не хопіць.

На імправізаванай выставе – творы з віртуальнай галерэі беларускіх мастакоў у Польшчы. Стваральніца галерэі мастацтвазнаўца Эльвіра Каралёва кажа, што зрабілі тое, што «ў нашых сілах».

«Галерэя выглядае проста як Тэлеграм-чат, але так мы стараемся прэзентаваць сябе і выкладваць працы. І трэба сказаць, нам ёсць чым ганарыцца, таму што не толькі я знаходжу там мастакоў для арганізацыі выставаў, але прыходзяць туды і польскія галерысты. Яны падглядаюць і выстаўляюць нашых мастакоў ужо ў сваіх галерэях. Мы нікога не хаваем – для гэтага і быў створаны чат», – распавяла Эльвіра Каралёва.

Людзі слухаюць выступ гурта «Leibonik» на «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

«Гатовы тусавацца і пасля заходу сонца»

Побач – можна было згуляць у шахматы і настольны футбол, а насупраць – у пінг-понг з былым палітвязнем Аляксандрам Івуліным (барадаты і ў добрай форме) за данат на падтрыманне палітычных зняволеных у Беларусі. Недалёка – студэнцкая секцыя Звязу беларускіх студэнтаў (ЗБС), майстэрня паштовак і секцыя Міжнароднага камітэту расследавання катаванняў у Беларусі.

Выступ гурта РСП на «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Яшчэ адзін былы беларускі палітвязень, Лявон Халатран, дзеліцца ўражаннямі: «Усё класна, я гатовы тусавацца тут і пасля заходу сонца. Горача, фантастычна, гучна!».

«Ружовы захад» («Розавы закат») «Разбітага сэрца пацана» (РСП), хэдлайнера «Hučna Fest – 2024», падпяваюць усе. Дыхту паддае вядоўца канцэрту – Мікіта Мелказёраў. Сонца акунаецца ў варшаўскую Віслу і павольна плыве на захад. Любоў не заўсёды боль. Ці, як пеў Сяргей Башлыкевіч, «будзьма разам – і ўсё будзе файна!». Было файна. І гучна!

Выступ гурта «РСП» на «Hucna fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года.
Фота: Белсат

Фестываль «Hučna Fest» прайшоў у Варшаве чацвёрты раз. Арганізатар фэсту – «Free Belarus Center». «Белсат» выступіў інфармацыйным партнёрам фестывалю і ладзіў жывую трансляцыю з усіх пляцовак фэсту.

Зміцер Міраш belsat.eu