За паўгода легалізаваных беларусаў у Польшчы стала на 10 % больш


На дзень 31 траўня колькасць беларусаў з дзейнымі дазволамі ў Польшчы склала 131 318 чалавек. Пра гэта паведамляе супольнасць «Беларусы в Польше» са спасылкаю на звесткі Управы ў справе замежнікаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

На канец 2023 года жылі амаль 119 тысяч грамадзянаў Беларусі, якія ўжо атрымалі дакументы для легальнага перабывання. То бок за паўгода іхная колькасць павялічылася прыкладна на 10 %. У жніўні 2020-га ў Польшчы былі 28 тысячаў такіх грамадзянаў Беларусі, або прыблізна ў 4,7 разу менш як цяпер.

Часовы від на жыхарства ў Польшчы маюць 79 149 беларусаў, сталы – 41 886, дадатковую абарону – 7495, картку рэзідэнта Еўразвязу – 1331, статус уцекача – 670, а часовую абарону – 629.

Сёлета прынялі на легалізацыю 24 214 заяў і выдалі 23 409 рашэнняў, з іх 20 238 – станоўчыя.

Пераважная бальшыня беларусаў атрымліваюць часовы від на жыхарства, звязаны з працаю. На падставе іншых абставінаў – 24 %, з уз’яднаннем сям’і – 16 %, і толькі 2 % – з прычыны навучання.

Найбольш легалізаваных беларусаў у Польшчы жыве ў Мазавецкім (48 тысячаў) і Падляскім (15 тысячаў) ваяводствах. Таксама вялікая колькасць грамадзянаў Беларусі жыве ў Паморскім (11,5 тысячы), Велькапольскім (10 тысячаў), Ніжнесілезскім (9,7 тысячы) і Малапольскім (9,5 тысячы) ваяводствах.

У асноўным гэта моладзь 18–34 гадоў. Сярод беларусаў у Польшчы 58 % складаюць мужчыны.

Нагадаем, што грамадзяне Беларусі апынуліся на другім месцы сярод замежнікаў, якія набываюць кватэры і зямельныя надзелы ў Польшчы.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў