Удзень 29 чэрвеня расейская армія зноў ударыла па цывільных аб’ектах Харкава. Мінімум адзін чалавек загінуў.
Мэр Харкава Ігар Тэрэхаў паведаміў, што расейцы скінулі кіраваную авіяцыйную бомбу (КАБ) у цывільнае прадпрыемства амаль у цэнтры гораду. Узнік пажар у будынку. Гараць таксама 7 машынаў прадпрыемства.
Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сынегубаў паведаміў, што ў выніку расейскай атакі адзін чалавек загінуў і 8 атрымалі раненні, у тым ліку васьмімесячнае дзіця. Ён таксама ўдакладніў, што пажар узнік у мясцовым аддзяленні пошты.
Адначасова расейскія дзяржаўныя медыі заяўляюць, што ўдар быў нанесены нібыта па базе ўкраінскага батальёну «Кракен» у прадмесці Харкава.
Пачынаючы з сакавіка 2024 года Расея рэгулярна наносіць удары па Харкаве авіябомбамі. Выкарыстанне КАБаў сталася вельмі сур’ёзным выклікам: гэта звышмагутныя бомбы, якія нельга знішчыць сродкамі паветранай абароны. Адзіная магчымасць супрацьстаяць КАБам – збіваць самалёты, што іх скідваюць. Але зрабіць гэта вельмі складана, бо расейцы скідваюць бомбы на далёкай адлегласці, з уласнай паветранай прасторы.
Глеб Нержын belsat.eu