На 3 ліпеня ў Менску будзе 140 «святочных» пунктаў агляду беларусаў


Беларуская міліцыя пераведзеная на ўзмоцнены варыянт нясення службы ў сувязі са святкаваннем афіцыйнага Дня Незалежнасці 3 ліпеня. Пра гэта заявіў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Сяргей Мірончык, перадае БелТА.

Дзень Незалежнасці – 2022.
Фота: Міністэрства абароны

«У сувязі з правядзеннем святочных падзеяў Міністэрствам унутраных справаў у межах кампетэнцыі праводзяцца неабходныя падрыхтоўчыя дзеянні, а таксама комплекс прафілактычных захадаў. Рашэннем міністра ўнутраных справаў асабовы склад пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Будуць створаныя і арганізавана работа аператыўна-сітуацыйных штабоў», – заявіў прадстаўнік МУС.

Паводле яго, міліцыянты будуць працаваць як у форме, так і ў цывільным адзенні. Усе месцы правядзення масавых мерапрыемстваў будуць кантралявацца, у тым ліку з выкарыстаннем рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі. Захады бяспекі ўзмоцняць на аб’ектах чыгуначнага і паветранага транспарту.

У сваю чаргу, начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і ў справах моладзі Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава сказала выданню «Минск-Новости», што ў Менску падчас параду 3 ліпеня будуць працаваць 24 кантрольна-прапускныя пункты, 140 назіральных пунктаў пры правядзенні вайсковага параду.

На святкаванні ўвечары ад Палацу спорту да стэлы «Менск – горад-герой» «дадаткова ўваход грамадзянаў на гала-канцэрт будзе арганізаваны праз 68 пунктаў пропуску».

Святкаванне Дня Незалежнасці Беларусі 3 ліпеня было ўведзенае Аляксандрам Лукашэнкам з нагоды вызвалення Менску савецкімі войскамі ад нацыстаў у 1944 годзе. Дэмакратычныя сілы адзначаюць Дзень Волі 25 сакавіка ў гонар абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе. За святкаванне Дня Волі ў Беларусі цяпер пачынаюць крымінальныя справы, нават у дачыненні эмігрантаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў