Даўгі беларусаў за крэдыты цягам месяца выраслі на 441 млн рублёў. Гэта разагравае інфляцыю


За травень даўгі беларусаў за банкаўскія крэдыты павялічыліся на 441,1 млн рублёў і  1 чэрвеня склалі 22,905 млрд. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага банку Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Даўгі за крэдыты на нерухомасць за травень павялічыліся на 199 млн рублёў пасля росту ў красавіку на 251,5 млн. У выніку на 1 чэрвеня беларусы былі вінныя 14,392 млрд.

За крэдыты на спажывецкія патрэбы беларусы мусяць заплаціць 7,906 млрд рублёў. За месяц гэты паказнік вырас на 243 млн пасля росту ў красавіку на 210,3 млн.

Еўразійскі банк развіцця адзначае, што высокі рост заробкаў і пашырэнне крэдытавання працягваюць заставацца фактарамі рызыкі для ўзмацнення праінфляцыйнага ціску ў Беларусі. Нават ва ўмовах рэгулявання дзяржаваю цэнаў.

Аналітык BEROC Анатоль Харытончык таксама звярнуў увагу на паскарэнне выдачы новых крэдытаў: «Усё большая частка новых крэдытаў, відаць, ідзе на пагашэнне папярэдніх пазыкаў. Манетарная палітыка мяккая, яна, як і раней, падтрымоўвае высокую крэдытную актыўнасць ва ўмовах перагрэву эканомікі». Аналітык не выключае, што, каб астудзіць такі крэдытны імпэт, Нацбанк крыху павысіць стаўкі: у сярэднім да 11 % гадавых.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў