Мастак Аляксей Кузьміч напісаў у сваім Facebook, што зноў вярнуўся ў Беларусь. На Аляксея «палявалі» сілавікі, але яму ўсё ж удалося ўцячы з краіны.
«Я зноў вярнуўся ў Беларусь», – напісаў у сваім акаўнце мастак.
Нагодаю для наведвання радзімы гэтым разам стала не мастацтва, а «сумныя падзеі»: у Аляксея памерла бабуля, якая «была мне другой мамай».
«Органы даведаліся, што я ў Беларусі, і завялі крымінальную справу за мой твор “Транзіт“. Абвесцілі ў вышук», – піша мастак.
За пару дзён да таго, як супрацоўнікі Следчага камітэту прыйшлі да Аляксея дадому, яму ўдалося выехаць на вёску.
«Перад выбарамі сітуацыя накалілася, – адзначае Аляксей. – Пайшоў па хатах участковы. Я зразумеў, што пара».
З першай спробы мастаку не ўдалося пакінуць краіну, аказалася, што з Расеі яму таксама забаронены выезд. Ды Аляксею ўдалося знайсці спосаб, таму ён «цалкам легальна зваліў. Ужо ў трэці раз».
Абноўлена. Як стала вядома, эвакуацыяй Аляксея займаўся «BYSOL», аб чым напісаў у сваім акаўнце ягоны кіраўнік Андрэй Стрыжак.
Нагадаем, што Аляксей Кузьміч ладзіць яркія пратэсныя перформансы. Падчас пратэстаў 9 жніўня ён зладзіў перформанс перад сілавікамі Лукашэнкі, але пазней быў затрыманы і збіты, пасля чаго быў вымушаны пакінуць краіну. У кастрычніку 2023 года ён вярнуўся ў Беларусь, каб скончыць свой арт-праект, а таксама замяніць дакументы, нягледзячы на тое, што на ім заставаліся непагашанымі 15 «содняў» адміністратыўнага арышту.
Раман Шавель belsat.eu