Польшча ў адказ на створаны Менскам міграцыйны крызіс пагражае закрыць межы з Беларуссю. Лукашэнка ў адказ пагражае зрабіць гэта першым. А колькі ў такім выпадку можа страціць нашая краіна?
На фоне спробаў афіцыйнага Менску з дапамогаю мігрантаў прарваць мяжу з Польшчаю польскі бок яшчэ 9 лістапада закрыў памежны пераход у Кузніцы», які найбольш падвяргаўся атакам з Беларусі. Гэта ўжо выклікала пэўныя цяжкасці, хай і не вельмі крытычныя, для лагістычных кампаніяў.
Пры гэтым у Варшаве папярэдзілі, што гаворка можа ісці не толькі пра «Кузніцу»: польскія ўлады разглядаюць варыянт поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў сувязі з міграцыйным крызісам.
«У далейшых сцэнарах такі варыянт улічваецца», – паведаміў прэс-сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер.
Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра аўтамабільныя пункты пропуску, але і пра чыгуначныя, дадаў міністр унутраных справаў Мар’юш Каміньскі.
«Яны будуць у поўнай ізаляцыі – не толькі палітычнай, але і эканамічнай», – папярэдзіў ён.
Першы ў чарзе на закрыццё чыгуначны пункт пропуску паблізу КПП у Кузніцы. Польшча закрые яго, калі сітуацыя з мігрантамі не стабілізуецца да 21 лістапада.
На Менск, праўда, гэтыя пагрозы, прынамсі, пакуль не дзейнічаюць. І пагражаюць нават у адказ.
«Польшча нас палохае, што закрые мяжу. Калі ласка, закрывайце: менш уцеклых туды будзе перамяшчацца. Пытанне не ў гэтым. Я проста паслухаў гэтых мярзотнікаў, якія ўвогуле безгаловыя. А калі мы закрыем транзіт праз Беларусь? Праз Украіну не пройдзе: там расейская мяжа закрытая. Праз Прыбалтыку дарог няма. Калі мы закрыем для палякаў і, напрыклад, для немцаў: што будзе тады? Мы не павінны, абараняючы свой суверэнітэт і незалежнасць, спыняцца – ні перад чым», – заявіў Лукашэнка 11 лістапада.
«Падумваюць пра поўнае закрыццё межаў з Беларуссю. Ды калі ласка. Калі больш няма чым займацца, мы не пярэчым», – паўтарыў ён жа ўжо 16 лістапада.
Але такія пагрозы не выклікалі разумення ўжо ў Крамлі.
Што цікава, гэта ўжо не першая пагроза перакрыць транзіт праз Беларусь, што гучыць з вуснаў Лукашэнкі. Нават у 2021 годзе. Гэтак, яшчэ 6 ліпеня Лукашэнка прыгразіў даць адказ на еўрапейскія санкцыі за пасадку «Ryanair» з журналістам Раманам Пратасевічам:
«Няхай праз Фінляндыю ў Кітай і Расею пастаўляюць сваю прадукцыю. Або праз Украіну (там добрыя дарогі) няхай едуць і пастаўляюць туды».
Ён у прыватнасці заявіў, што трэба «зрабіць усе захады, каб яны адчулі, што такое Беларусь. І, перш чым брацца за эканамічную зброю, думалі».
Але тады гэтыя словы так і засталіся словамі. Пагатоў у Расеі, куды ў тым ліку Лукашэнка пагражаў абмежаваць пастаўкі, паставіліся да гэтага не вельмі прыязна.
«Безумоўна, парушэння нейкіх экспартна-імпартных ланцужкоў выключаць нельга, і, вядома, гэта пытанне для вельмі сур’ёзнай працы ў мінімізацыі наступстваў падобных рашэнняў», – сказаў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
Пакуль пытанне, закрые Лукашэнкі межы ці гэта зробяць праз ягоныя паводзіны, застаецца адкрытым. Між тым разам з пагрозамі перакрыць пастаўкі тавараў ён казаў і пра магчымае перакрыццё газаправоду Ямал – Еўропа.
А ўжо 17 лістапада Беларусь абмежавала прапампоўванне нафты ў Польшчу. Абмежаванне тлумачыцца пазапланавым рамонтам, які пачаўся на адной з галінаў трубаправоду.
І хоць нафта- і газаправоды – гэта, безумоўна, розныя рэчы, такія супадзенні выклікаюць пытанні.
Што ж будзе, калі транзіт будзе абмежаваны праз Беларусь? Па-першае, у выпадку яго поўнага закрыцця на беларуска-польскай мяжы невялікія лагістычныя фірмы, якія працуюць на Польшчу і Нямеччыну, могуць сутыкнуцца з вялікімі праблемамі.
«Зусім непрыбыткова будзе працаваць», – казалі «Белсату» раней у адной з беларускіх лагістычных кампаніяў.
Пры гэтым у вялікіх кампаніяў усё ж застануцца варыянты дыверсіфікацыі паставак.
Але закрыццё мяжы ўдарыць не толькі па лагістычных кампаніях і «ўцеклых», як называе сваіх грамадзянаў Лукашэнка.
Сваё бачанне развіцця сітуацыі зрабіў тэлеграм-канал «Нашы грошы». Паводле яго, пагрозы, якія Менск выказвае Еўропе, «нагадваюць пагрозы чалавека, які спрабуе спалохаць навакольных тым, што ён прастрэліць сабе абодва калены».
Аўтары каналу адзначылі: транспартавая сфера разам з ІТ сёння ёсць драйверам беларускай эканомікі. Пры гэтым яны «паказваюць уражлівыя вынікі ўсё больш не дзякуючы, а, хутчэй, насуперак умовам, якія складваюцца».
«У выпадку закрыцця межаў і ўзмацнення санкцыяў значная частка нашага рынку паслуг проста зрынецца. Экспартаваць у Расею тыя паслугі IT, што мы адпраўлялі ў Еўропу і ЗША, не выйдзе. Да таго ж, страціўшы статус транзітнай краіны, мы пазбавімся мільярдаў долараў. Значныя страты будуць і ў Расеі: транзіт у Еўропу праз нашую краіну – самае кароткае плячо», – пішуць «Нашы грошы».
Пацярпяць ад гэтага і кітайскія партнёры Беларусі, якія «ўжо сёння не радыя таму, як буксуе амбіцыйны праект «Вялікі камень», а калі абарвецца адна з нітак Шаўковага шляху… да ўраду Беларусі ў кітайскіх партнёраў можа ўзнікнуць шмат пытанняў».
«І тут мы гаворым толькі пра паслугі. Зразумела, што і з экспартам тавараў усё стане вельмі сумна. Мы не зможам узяць і замясціць еўрапейскі рынак на расейскі. Гэта нашмат складаней, чым перанакіраваць самалёты «Белавіі» з Парыжу ў Чарапавец», – падкрэслілі аўтары каналу.
Паводле звестак Белстату, экспарт транспартавых паслуг з Беларусі ў 2018–2020 гадах складаў штогод больш за 3,2 мільярда долараў. На параўнальную суму нашая краіна экспартавала сваіх транспартавых паслуг ужо за 9 месяцаў 2021 года. Агулам, як заявіў у каментары «Белсату» эканаміст Сяргей Чалы, сёлета гэты паказнік па выніках года можа вырасці на 20 % у сувязі з ажыўленнем сусветнай эканомікі.
«Ад траціны да паловы гэтай сумы, гэта значыць 1–1,5 мільярда – такія могуць быць страты», – ацаніў ён перспектывы закрыцця мяжы.
Уладзімір Кавалкін, кіраўнік праекту «Кошт ураду», мяркуе, што ў выпадку закрыцця мяжы Беларусь можа страціць усе грошы, якія яна зарабляе на экспарце транспартавых паслуг. Таксама, на ягоную думку, ад гэтага можа пацярпець усё, што звязана з інфраструктурай, у тым ліку дарогі.
«Але найбольшыя страты будуць у перавозе грузаў. Гэта нумар два ў беларускім экспарце пасля ІТ паводле сальда. То бок гэта будзе вельмі балючы ўдар», – сказаў эксперт у каментары «Белсату».
Само ж перакрыццё межаў, лічыць Уладзімір Кавалкін, – даволі рэалістычны сцэнар.
«Што можа быць прасцей, чым закрыць шлагбаум і не пускаць тавары? Гэта на 100 % рэалістычна зрабіць нават за 10 хвілінаў: проста загад выдаць – і ўсё», – падкрэсліў эксперт.
Эканаміст BEROC Леў Львоўскі тлумачыць «Белсату»: пакуль што чыста эканамічны эфект ад мігрантаў толькі станоўчы для Беларусі, хай і невялікі. Мігранты плацяць грошы беларускім крамам, розным кампаніям, гатэлям, таксоўцам. Нейкая частка грошай мігрантаў асядзе ў беларускім бюджэце – калі не наўпрост (тысячы чалавек плацілі праваднікам тысячы долараў), то праз падаткі тых, хто атрымлівае грошы і траціць іх у Беларусі. Магчыма, Еўразвяз дасць нейкія грошы на гуманітарныя мэты: падобна, гэта абмяркоўвалі Аляксандр Лукашэнка ды Ангела Мэркель. Але ўсё гэта наўрад ці будзе заўважна на макраўзроўні.
Санкцыі Еўразвязу ці асобных краінаў могуць заключацца ў перакрыцці транзіту праз Беларусь, могуць быць скіраваныя супраць «Белавіі». Страты залежаць ад маштабу санкцыяў, кажа эканаміст.
«Тое, што ўлады зарабілі, гэта, імаверна, палітычныя балы, – разважае Львоўскі. – Але гэта ўжо не эканамічнае вымярэнне. Колькі каштуе тэлефанаванне Мэркель, я не ведаю».
МГ belsat.eu