У 150 аддзяленнях «Пошты Расеі» у Маскве пачалі прадаваць беларускія харчы: кансервы, соусы, кандытарскія вырабы, сокі. Налета праект распаўсюдзяць на іншыя рэгіёны Расеі, піша агенцтва БелТА.
Пачатак гандлю беларускімі прадуктамі адзначылі ўрачыста: у аддзяленне на поўначы Масквы прыехалі прадстаўнікі пасольства Беларусі, кіраўніцтва «Пошты Расеі» і фірмы-імпарцёра.
На паліцы на пошце выставілі малочныя і мясныя кансервы, соусы, цукеркі, кандытарскія вырабы, сокі.
Ініцыятары праекту разлічваюць, што масквічы будуць з ахвотай набываць беларускія прадукты, якія «маюць надзейную рэпутацыю на расейскім рынку дзякуючы высокай культуры вытворчасці, што дзейнічае ў краіне».
Плануецца, што налета беларускімі харчамі пачнуць гандляваць ва ўсіх паштовых аддзяленнях Масквы і Маскоўскай вобласці, а таксама ў іншых рэгіёнах Расеі.
Сяргей Крот belsat.eu