Урачыстае адкрыццё Школы традыцыйнага строю Кацярыны Ваданосавай адбылося 14 верасня. Стаць яе вучнямі пажадалі 33 чалавекі. Журналісты «Белсату» наведалі першы занятак.
Пра сваю ідэю музыкантка і журналістка казала яшчэ вясной – і вось першы занятак сезону. Кацярына Ваданосава кажа: разлічвала, што да яе ў школу запішацца 6-7 чалавек, ну максімум 10. Але рэальнасць аказалася іншаю: заяўкі падалі ўтрая больш людзей – ажно 33 асобы. Гэта людзі рознага веку, ёсць і мужчыны. Некаторыя даўно сачылі за творчасцю Кацярыны і адмыслова запісаліся да яе, іншыя проста хочуць навучыцца шыць. Заняткі будуць праходзіць у беластоцкім хабе «Новая Зямля» два разы на тыдзень.
«Я хачу, каб мой курс працягваўся мінімум два гады, гэта вельмі тонкі, доўгі і карпатлівы працэс, – кажа ў размове з «Белсатам» Кацярына Ваданосава. – Для пачатку будзем вучыцца рабіць розныя віды швоў, а потым пойдзем па розных элементах строю. Пачнём з кашулі. Мне б хацелася зрабіць яшчэ і рэканструкцыю верхняга адзення, рэканструкцыю галаўных убораў. Вельмі шмат планаў».
Ідэя нарадзілася ў сувязі з вялікай колькасцю жадаючых, каб Кацярына пашыла
строй, альбо хаця б які-небудзь элемент. «Часцей за ўсё просяць кашулю», – распавядае яна. Але гэты працэс займае тыдні і нават месяцы працы.
«Я стамілася тлумачыць людзям, што ў мяне няма столькі магчымасцяў і часу. Таму я вырашыла адкрыць школу. Я не ведаю, як усё гэта акупіцца ў фінансавым плане, але я ведаю, што атрымаю велізарнае маральнае задаваленне. Я паводле адукацыі выкладчык, я люблю вучыць, асабліва дарослых, бо з імі прасцей. Для мяне вялікая радасць – дзяліцца тым, што я ведаю, што я ўмею», – адзначае Кацярына.
Пацікавіліся мы і ў вучняў, што іх прывяло ў Школу.
«Даўно хацела сабе народны строй, – кажа Вольга. – Спачатку я набывала рэчы ў Беларусі, якія стылізаваныя, такія больш сучасныя. Цяпер хачу нешта аўтэнтычнае. Пакуль не ведаю, які менавіта строй я хачу. Некаторыя навыкі ў мяне ёсць, хачу развіваць іх, каб усё было грунтоўна і правільна. У гэтым вельмі спадзяюся на дапамогу Каці. Для мяне важна, што гэта маё роднае, беларускае. У маёй бабулі шмат вышытых рэчаў было. Я таксама збіраю і вышытыя, і тканыя рэчы. Калі зраблю строй, то буду хадзіць на розныя мерапрыемствы, а потым, спадзяюся, у мяне з’явіцца ўнучка і я перадам яго ёй».
Яшчэ адна вучаніца школы Рэгіна адзначае, што працамі Кацярыны цікавілася яшчэ ў Беларусі, а цяпер, калі яна ў замежжы, то проста не магла прапусціць такога шанцу. На першы занятак жанчына прыйшла, як у сапраўдную школу – з букетам кветак у колерах нацыянальнага сцяга.
«Хачу атрымаць максімум навыкаў і ведаў, якія нам перадасць Кацярына. Спадзяюся, што ўдасца дайсці да канца, у мяне з’явіцца нацыянальны беларускі строй, бо гэта мая даўняя мара», – адзначае Рэгіна.
Заняткі ў школе платныя. Кацярына адзначае: гэта настолькі тонкі працэс, што навучыцца можна толькі ў жывым кантакце, і гэта сапраўдны марафон, які зможа вытрымаць не кожны.
Алесь Ляўчук belsat. eu