У Беларусі з’явіўся новы кітайскі аўтамабільны брэнд «Tank». У рамках выставы «АўтаЭкспа», якая праходзіла ў Менску, адбылася прэзентацыя дзвюх мадэляў.
Аўтамабілі пад брэндам «Tank» выпускае кітайскі канцэрн «Great Wall», ужо вядомы на беларускім аўтамабільным рынку ў асноўным па пазадарожніках «Haval».
На выставе «АўтаЭкспа» былі прадстаўленыя дзве мадэлі – «Tank 300» і «Tank 500».
Мадэль «Tank 300» прапануецца беларусам з 4-цыліндравым бензінавым маторам аб’ёмам 2 літры і магутнасцю 220 конскіх сілаў. У аўтамабілі ўсталяваная 8-ступенчатая аўтаматычная каробка перадач. У камплектацыі Premium аўтамабіль будзе каштаваць ад 151 800 рублёў (прыблізна 45 300 долараў).
Мадэль «Tank 500» мае матор аб’ёмам 3 літры з двайным турбанаддувам і мае магутнасць 299 конскіх сілаў, таксама яна аснашчаная 9-ступенчатай каробкай перадач. Гэтая мадэль будзе прапаноўвацца беларусам за 230 700 рублёў або 69 тысячаў долараў.
Як адзначаецца на сайце, аўтамабілі «Tank» прайшлі адаптацыю для беларускага рынка, уключна з антыкаразійнай абаронай кузава.
Нагадаем, што на фоне сыходу некаторых заходніх брэндаў з беларускага рынку кітайскія аўтамабілі выбіліся ў лідары па продажах і на пачатку 2023 года складалі 78 % ад усіх прададзеных новых аўтамабіляў у Беларусі (пры гэтым доля «Geely» беларускай вытворчасці даходзіла 72 %).
Раман Шавель belsat.eu