Арганізатары Беларускага тыдня моды («Belarus Fashion Week») заявілі пра адмену імпрэзы за дзень да пачатку. Яна мела адбыцца 7–9 кастрычніка на кінастудыі «Беларусьфільм» у Менску. Арганізатары патлумачылі, што фестываль моды не адбудзецца «праз тэхнічныя прычыны». Імпрэзу ладзілі з 2011 года.
«Нам вельмі шкада паведамляць такія навіны, але з тэхнічных прычынаў, якія не залежаць ад нас і ад партнёраў праекту, 24-ы сезон «Belarus Fashion Week» 7–9 кастрычніка не адбудзецца. […] Мы прыклалі максімум намаганняў, каб развязаць узніклыя пытанні, але, на жаль, не здолелі паўплываць на сітуацыю», – напісалі арганізатары імпрэзы.
Колькі дзён таму ў дзяржаўнай газеце «СБ – Беларусь сегодня» з’явіўся артыкул, які крытыкуе правядзенне Беларускага тыдня моды. У ім прапагандыст абвінаваціў арганізатараў і асобных удзельнікаў «Belarus Fashion Week» у «трэндзе на антыдзяржаўнасць» праз удзел у пратэстах 2020 года. Нібыта яны «пікетавалі на прыступках Дому мадэляў, выстройваліся ў ланцугі ўздоўж праспекту, скандавалі лозунгі, размахвалі плакацікамі і бчб-сцягамі».
У артыкуле згадваецца Яніна Ганчарова, якая арганізоўвае тыдні моды, дызайнер Іван Айплатаў, модны крытык Вольга Жадзеева.
Аўтар артыкулу прапанаваў перадаць арганізацыю імпрэзы і модныя праекты Нацыянальнай школе прыгажосці.
Алена Рувіна belsat.eu