Цяжкае становішча ЗСУ ў Данецкай вобласці. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 861-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 3 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Від на раёны Падол і Абалонь у Кіеве, Украіна. 28 траўня 2024 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі на двух асноўных участках фронту – каля сяла Глыбокае і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што каля Глыбокага ініцыятыва застаецца за Збройнымі сіламі Украіны, але пакуль ім не ўдаецца дасягнуць істотных поспехаў.

У гэты ж час у Ваўчанску расейцам удалося крыху палепшыць сваё пазіцыі, хоць агулам сітуацыя таксама застаецца амаль нязменнай.

Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – піша, што штурмавыя групы войскаў РФ занялі адзін з будынкаў у раёне шматпавярховых дамоў і цяпер з баямі прасоўваюцца ў паўднёва-заходнім кірунку.

Адначасова з гэтым ідзе рух на паўднёвым захадзе ад самога гораду, дзе Узброеныя сілы РФ крыху расшырылі плацдарм на левым беразе ракі Воўча ў ваколіцах сяла Бугруватка.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім кірунку цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка і Стэльмахаўка. Пры гэтым адзначаецца, што найбольш складаным участкам фронту застаюцца ваколіцы першага сяла, на якія прыходзіцца каля 80% атак.

У гэты ж час на суседнім ліманскім кірунку расейцы наступаюць каля сёлаў Грэкаўка, Макееўка, Неўскае і Церны.

Канал «Два майора» сцвярджае, што на ўсходзе ад Стэльмахаўкі УС РФ прасунуліся ўздоўж лесапаласы на глыбіню да 1,6 кіламетра.

Адначасова з гэтым, паводле крыніцы, адбыўся рух на ўсходзе ад Макееўкі ў бок самога сяла на адлегласць да 1,5 кіламетра.

Поспехі войскаў РФ на апошнім участку пацвярджаюць аналітыкі праекту Deepstate.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай вобласці і на паўднёвым захадзе Луганскай)

На сівэрскім выступе па фронце (з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец) расейцы ціснуць у ваколіцах населеных пунктаў Івана-Дар’еўка, Выемка і Спірнае. Пры гэтым у апошнім населеным пункце ўжо ідуць баі. Прарасейскі тэлеграм-канал канал «Рыбарь» удакладняе, што сяло знаходзіцца пад агнявым кантролем войскаў РФ, паколькі апошнія кантралююць вышыні на паўднёвым усходзе ў ваколіцах трасы Т-13-02.

На краматорскім кірунку актыўнасць расейцаў засяроджаная ў ваколіцах Часавага Яру. У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра поўны захоп часткі гораду, якая знаходзіцца на ўсходзе ад каналу Сівэрскі Данец – Данбас.

Гэтую інфармацыю пацвярджаюць у Deepstate, адзначаючы, што рашэнне пра адыход украінцаў за канал было цяжкім, але лагічным, паколькі ўсход гораду быў цалкам зруйнаваныя і аказаўся непрыдатным для далейшай абароны.

Камандзір тактычнай групы ЗСУ «Реванш» Багдан Хадаркоўскі гаворыць, што поспех даўся вялікай цаной для расейцаў, але цяпер яны маюць перспектывы для сур’ёзных аператыўных зменаў у Данецкай вобласці.

Акрамя гэта атакі на пазіцыі Сілаў абароны фіксуюцца каля сёлаў Калінаўка, Іванаўскае і Клішчыеўка.

Наступаюць войскі РФ і на тарэцкім кірунку ва ўсходніх ваколіцах аднайменнага гораду. Канал «Два майора» піша, што УС РФ развіваюць поспех у пасёлку Паўночнае.

Адначасова з гэтым фіксуюцца прасоўванні расейцаў з поўдня ад гораду каля сяла Нью-Ёрк.

Тэлеграм-канал «Сводки и Аналитика СВО» удакладняе, што рух адбыўся на вузкім участку на адлегласць да чатырох кіламетраў. Пры гэтым пад расейскі кантроль магло перайсці невялікае суседняе сяло Юр’еўка.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» паведамляе, што расейцы ўжо замацоўваюцца ў гарадской забудове самога гораду Тарэцк.

Людзі стаяць на прыпынку грамадскага транспарту каля Народнага мемарыялу са сцягамі з імёнамі ўкраінскіх воінаў, якія загінулі ў расейска-ўкраінскай вайне, на Майдане Незалежнасці. Кіеў, Украіна. 22 траўня 2024 года.
Фота: Уладзіслаў Максіменка / Белсат

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Deepstate фіксуюць прасоўванні каля населенага пункту Прагрэс і ў сяле Карлаўка.

«Рыбарь» піша, што расейцы замацаваліся ў цэнтры сяла Сокал, а таксама часткова занялі буйны апорны пункт ЗСУ з поўначы ад населенага пункту.

Акрамя гэтага рух УС РФ назіраецца на паўночным захадзе ад Новапакроўскага.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» мяркуе, што цяпер з усяго фронту найскладанейшая для ЗСУ сітуацыя назіраецца менавіта на пакроўскім кірунку.

Ніжэй па фронце – на суседнім курахаўскім кірунку – войскі РФ паступова выбіваюць праціўніка з Краснагораўкі.

Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ гавораць, што неўзабаве расейцы выйдуць да паўночных ускрайкаў гораду, што ў перспектыве пагражае атачэннем вялікага ўчастку фронту з усходу ад лініі Карлаўка – Краснагораўка.

Таксама на кірунку працягваюцца баі каля сёлаў Канстанцінаўка і Парасковіеўка, але пакуль тут расейцы не маюць істотных поспехаў.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (поўдзень Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, Сілы абароны краіны адбілі атакі праціўніка каля сяла Валадымыраўка.

«Рыбарь» паведамляе пра баі на так званым урэмаўскім выступе, дзе цягам апошніх содняў войскі РФ прасунуліся з поўначы ад сяла Старамаёрскае ў бок суседняй Макараўкі на адлегласць не меншую за 700 метраў.

У Запарожскай вобласці баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца ў ваколіцах гораду Арэхаў, але істотных зменаў лініі сутыкнення не назіраецца.

У Херсонскай вобласці расейцы прынамсі чатыры разы безвынікова атакавалі пазіцыі Збройных сілаў у рэчышчы Дняпра.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў