Павел Латушка: Стратэгія Польшчы павінна быць у падтрымцы беларускага народа


3 ліпеня намеснік кіраўніцы Аб’яднага пераходнага кабінета Беларусі і кіраўнік НАУ Павел Латушка абмеркаваў у Міністэрстве замежных справаў Польшчы пытанні супрацьдзеяння расейскай дэзынфармацыі, адказнасці Лукашэнкі за злачынствы супраць беларусаў, а таксама падтрымкі беларускага тэлеканала «Белсат».

Намеснік кіраўніцы Аб’яднага пераходнага кабінета Беларусі і кіраўнік НАУ Павел Латушка і намесніца міністра замежных справаў Польшчы Анна Радван-Рорэншэф.
Фота: Народнае антыкрызіснае ўпраўленне

«Магчымасці ўзаемадзеяння па пытаннях супрацьдзеяння дэзынфармацыі, якое ажыццяўляе Расейская Федэрацыя і рэжым Лукашэнкі ў адносінах Польшчы ў кантэксце ўплываў на беларускае грамадства ў Беларусі былі абмеркаваныя сёння ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы з намесніцай міністра Аннай Радван», – паведаміў Павел Латушка.

Міністэрства замежных справаў Польшчы, адзначае Павел Латушка, падкрэсліла, што і надалей будзе падтрымліваць незалежнае тэлебачанне беларусаў, тэлекампанію «Белсат».

Адным з пытанняў, якія ўздымаліся на сустрэчы, стала магчымасць правядзення прававых кансультацыяў па тэматыцы адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы, якія ён здзяйсняе супраць беларускага народу.

Падчас размовы была закранутая тэма дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь і міжнароднай адказнасці за гэтае злачынства.

Сустрэча Паўла Латушкі ў Міністэрстве замежных справаў Польшчы.
Фота: Народнае антыкрызіснае ўпраўленне

Што да сітуацыі, якая складваецца на мяжы, і перспектываў яе развіцця, то Павел Латушка ў чарговы раз акцэнтаваў увагу на падтрымцы падыходу, які прадугледжвае ўзмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі, закрыццё памежных гандлёвых памежных пераходаў дзеля таго, каб зрабіць максімальны націск на рэжым, спыніць нелегальную міграцыю на межах і вызваліць палітычных зняволеных.

«Адначасова мы казалі пра тое, што важна захоўваць і памежныя пераходы для руху людзей, каб Беларусь не пераўтварылася ў Паўночную Карэю. Мы казалі пра тактыку і стратэгію. Так вось стратэгія павінна быць у падтрымцы беларускага грамадства: больш візаў, памежныя пераходы, падтрымка грамадзянскай супольнасці, незалежныя сродкі масавай інфармацыі і г.д.», – падкрэсліў Павел Латушка.

belsat.eu

Стужка навінаў