«Накарміць і абагрэць, даць дах над галавой». Як Польскі Чырвоны Крыж рыхтуецца да вялікай хвалі ўцекачоў


«Сэрцы палякаў адкрытыя, каб дапамагаць», – кажа ў размове з карэспандэнткай «Белсату» Мацей Будка, дырэктар Люблінскага акруговага аддзелу Польскага Чырвонага Крыжа. Менавіта ў Любліне – самы вялікі запас гуманітарнай дапамогі.

Супрацоўнікі Польскага Чырвонага Крыжа ў Любліне загружаюць у мікрааўтобус каробкі з наборамі першай дапамогі, якія будуць накіраваны ва Украіну. Люблін, Польшча. 25 лютага 2022 года.
Фота: ВО / Белсат

«Тут ёсць рэчы першай неабходнасці, якія мы атрымалі, дзякуючы супрацы з нямецкім Чырвоным Крыжам. Гэтыя рэчы былі дастаўленыя нам, калі трывала крызісная сітуацыя на мяжы з Беларуссю, а цяпер іх атрымаюць украінскія ўцекачы», – тлумачыць Будка і дадае, што звычайна склад не выглядае такім пустым.

Раскладныя ложкі, спальныя мяшкі, пледы і іншыя рэчы першай неабходнасці на складзе Польскага Чырвонага Крыжа ў Любліне, што ў 95 км ад мяжы з Украінай.
Фота: ВО / Белсат

Чырвонаму Крыжу прыносяць рэчы ў вельмі розным стане. Некаторыя амаль новыя, некаторыя ні для чаго не прыдатныя.

«Лепей аддаваць тое, у чым сам хочаш хадзіць, самае актуальнае і патрэбнае. З досведу папярэдніх збораў – найбольш бракуе добрага абутку, добрых штаноў, непрамакальных. З гэтым найбольшая праблема. Кашулькі і блузы – іх хапае. Важна, каб былі рэчы, якія можна насіць на вуліцы таксама», – тлумачыць супрацонік Польскага Чырвонага Крыжа Конрад Храдіз.

Мацэй Будка на складзе арганізацыі ў Любліне.
Фота: ВО / Белсат
Запакаванае і падрыхтаванае да перадачы адзенне.
Фота: ВО / Белсат

На складзе ёсць школьныя рэчы: сшыткі, альбомы, у будучым маюць з’явіцца заплечнікі, пледы, спальнікі, адзенне.

«Першы этап дапамогі – накарміць і абагрэць, даць дах над галавой. Людзі актыўна ўключыліся ў наш грашовы збор, які дапаможа забяспечыць людзей у доўгачасовай перспектыве. Неўзабаве стартуе збор рэчаў і сродкаў гігіены, харчоў і базавых медыкаментаў для першай і хуткай дапамогі. Мы таксама ўлічваем, што сярод уцекачоў можа быць шмат асобаў з абмежаванай мабільнасцю і дзяцей, якія мусяць працягваць адукацыю і, нягледзячы на сітуацыю, мець шанец на шчаслівае дзяцінства», – мяркуе дырэктар Люблінскага акруговага аддзелу Польскага Чырвонага Крыжа.

Паддоны з кансервамі на складзе Польскага Чырвонага Крыжа ў Любліне.
Фота: ВО / Белсат
Працаўнікі Польскага Чырвонага Крыжа ў Любліне наклейваюць налепкі на каробкі з гуманітарным грузам, які адправіцца ва Украіну.
Фота: ВО / Белсат
Склад Польскага Чырвонага Крыжа ў Любліне.
Фота: ВО / Белсат

Конрад Храдіз апавядае: тут ляжалі стосы рэчаў вышынёй да двух метраў, а валанцёры прыходзілі штодзень і сартавалі адзенне, каб пакінуць толькі прыдатныя для ўжытку рэчы.

«Традыцыйна большую частку года мы займаемся харчовай дапамогай. У Люблінскім ваяводстве мы дапамагаем каля 14 тысячам асобаў. Маем для арганізацыі гэтага працэсу добрыя варункі, – кажа Мацей Будка. – Таму ўсе гэтыя рэчы на складзе мы цяжкавікамі можам адпраўляць далей – лагістычна арганізацыя цалкам падрыхтаваная да сітуацыі».

Акрамя харчоў Чырвоны Крыж мае сродкі дэзынфекцыі, сродкі гігіены. Ложкі, коўдры, спальнікі збольшага захоўваюцца ў іншым пункце каля Любліна. Адзенне са збору для мігрантаў ужо спакаванае і часткова адпраўленае на мяжу.

Ежы Бісэк, прэзідэнт Польскага Чырвонага Крыжа на складзе ў Любліне. Сёння Чырвоны Крыж не прымае новае і ўжыванае адзенне, бо яго дастаткова. Але звычайна, арганізацыя адчувае дэфіцыт якаснага абутку і штаноў.
Фота: ВО / Белсат
Фота: ВО / Белсат
Супрацоўнік Польскага Чырвонага Крыжа ў Любліне паказвае набор для першай дапамогі. Украінскія калегі папрасілі даслаць наборы першай дапамогі. Польскі бок падрыхтаваў да іх этыкеткі з перакладам на ўкраінскую мову. Кошт такога набору – больш за 1000 злотых (каля 660 рублёў). Агулам будзе перададзена 30 набораў.
Фота: ВО / Белсат

На складзе ёсць пнеўматычныя намёты, якія хутка раскладаюцца, і асвятленне.

«Калі штосьці здарыцца, мы хутка можам умяшацца ў сітуацыю і пачаць надаваць неадкладную дапамогу. У экстранай сітуацыі таксама спрацуе наша сістэма паведамленняў для валанцёраў, некаторыя з іх адразу прыедуць на месца здарэння і будуць дапамагаць службам ратавання.

Конрад Храдіз на складзе арганізацыі ў Любліне.
Фота: ВО / Белсат
Запакаваныя і падрыхтаваныя да перадачы адзенне і сродкі гігіены.
Фота: ВО / Белсат

Цяжка спрагназаваць, калі будзе вялікая хваля ўцекачоў. Калі Крэмль будзе займаць украінскія гарады, трэба гэтага чакаць. Як далёка прасунуцца Узброеныя сілы Расеі, невядома. Але пры неабходнасці мы гатовыя выслаць Чырвонаму Крыжу ва Украіну наборы першай дапамогі», – падсумоўвае Конрад Храдіз.

Фота
«Страшна, калі пачнецца марадзёрства». Рэпартаж з польскага вакзалу, дзе сустракаюць уцекачоў
2022.02.25 13:39

ВО, Саша Альтэр, belsat.eu

Стужка навінаў