Амбасадар Ігар Кізім: Спробы Беларусі легалізаваць акупаваныя ўкраінскія тэрыторыі не застануцца без адказу


Генеральнае консульства Беларусі ў расейскім Растове-на-Доне будзе абслугоўваць не толькі расейскія тэрыторыі, але і акупаваныя тэрыторыі Украіны. «Белсат» спытаў у амбасадара Украіны па асаблівых даручэннях для Беларусі Ігара Кізіма, дзеля чаго гэты крок зроблены і што ён азначае з гледзішча дыпламатыі.

Амбасадар Украіны па асаблівых даручэннях для Беларусі Ігар Кізім.
Фота: скрыншот з відэа

Ігар Кізім адзначыў, што, з дыпламатычнага гледзішча ён не бачыць нічога асаблівага ў тым, што ў Растове-на-Доне адкрываецца генеральнае консульства Беларусі. Бо кожная незалежная і суверэнная краіна можа адкрываць консульства там, дзе хоча, калі на гэта ёсць згода таго боку, дзе консульства адкрываецца.

Ігар Кізім звярнуў увагу, што рашэнне аб адкрыцці генконсульства ў Растове-на-Доне прымалася адначасова з рашэннем адкрыць консульствы ў Калінінградзе і на Далёкім Усходзе.

«Таму гэта нармальная практыка, у гэтым нічога такога няма, каб я пабачыў у гэтым нешта незаконнае», – адзначыў дыпламат.

Пры гэтым Ігар Кізім падкрэсліў, што ў Растове-на-Доне існуюць таксама дыпламатычныя ўстановы і іншых краінаў: генконсульствы такіх дзяржаваў, як Турэччына, Кіпр, Таджыкістан, там жа існуюць візавыя цэнтры Вялікай Брытаніі, Італіі.

Дыпламат нагадаў, што консульская ўстанова сама вызначае, на якой тэрыторыі ёй ажыццяўляць консульскую дзейнасць.

Што да пытання аб тым, ці будзе беларускае генконсульства ў Растове-на-Доне ажыццяўляць дзейнасць таксама і на часова акупаваных тэрыторыях Украіны (Данецкай, Запарожскай, Луганскай і Херсонскай вобласцяў, а таксама ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым), то на цяперашні момант, адзначыў дыпламат, «у нас няма ніводнай заявы беларускага рэжыму» на гэты конт.

«Калі казаць з гледзішча спробаў легалізаваць акупаваныя тэрыторыі, то сапраўды мы гэта адсочваем. І калі будзе зробленая заява падобнага роду, што беларуская консульская ўстанова будзе ажыццяўляць дзейнасць на часова акупаваных тэрыторыях, то гэта будзе зразумелай спробай легалізаваць акупацыю, і відавочна, што рэакцыя МЗС і ўкраінскага боку будзе адназначна негатыўная», – сказаў Ігар Кізім.

Ён сказаў, што ёсць шмат спосабаў на гэта рэагаваць, і разрыў дыпламатычных дачыненняў паміж краінамі ў гэтым выпадку – «адна з опцыяў, якія ляжаць на стале».

Каментар
Беларусь адкрыла генконсульства ў Растове-на-Доне. Працуе і для акупаваных тэрыторыяў Украіны
2024.07.04 19:51

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў