У Музеі Вольнай Беларусі прайшла сустрэча беларускіх актораў з сябрамі польскай гільдыі рэжысёраў, якія прадставілі інфармацыю аб магчымасцях працы для беларусаў у польскім тэатры і кіно.
Сустрэча была ініцыяваная намеснікам Святланы Ціханоўскай, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам.
Падчас сустрэчы, на якой прысутнічалі беларускія акторы, у тым ліку вядомы дзеяч культуры і сябра Каардынацыйнай рады Ігар Сігоў, была прадстаўлена інфармацыя аб магчымасцях працаўладкавання, удзелу ў здымках кінафільмаў на тэрыторыі Польшчы і магчымага ўсталявання кантактаў з замежнымі і польскімі кастынг-агенцыямі, якія займаюцца падборам актораў для фільмаў.
Пры падтрымцы НАУ была дасягнутая дамоўленасць аб стварэнні сайту, дзе будуць размешчаныя дадзеныя беларускіх актораў, якія пражываюць у Польшчы, дзеля палягчэння пошуку і атрымання працы ў кіно.
У Польшчы штогод здымаюцца больш за 350 кінастужак і тэлесерыялаў.
З пачаткам масавых рэпрэсіяў у Беларусі пасля пратэстаў 2020 года ў Польшчу з’ехала шмат беларускіх актораў тэатру і кіно. Былыя артысты Купалаўскага тэатру стварылі ў Польшчы незалежную тэатральную трупу «Вольныя купалаўцы».
Марыя Міхалевіч belsat.eu