У Польшчы стварылі петыцыю з патрабаваннем да банку «Santander» спыніць дыскрымінацыю беларусаў


Беларускія актывісты з Гданьску стварылі петыцыю з просьбаю не дыскрымінаваць грамадзянаў Беларусі – кліентаў банку «Santander». Аўтары звароту ўпэўненыя, што фінансавая ўстанова парушае Канстытуцыю рэспублікі.

Банк «Santander» у Варшаве, Польшча.
Фота: Kacper Pempel / Reuters / Forum

Банк «Santander» стаўся папулярным сярод беларусаў у Польшчы дзякуючы мінімуму дакументаў, неабходных для адкрыцця рахунку: было дастаткова пашпарту з візаю і падатковага нумару PESEL.

Надоечы банк змяніў правілы і пачаў патрабаваць від на жыхарства ў любой краіне ЕЗ з тэрмінам дзеяння не менш за 12 месяцаў. Дакумент цяпер неабходны і для адкрыцця рахунку, і для таго, каб «Santander» працягнуў абслугоўванне існых кліентаў. У выпадку, калі не прынесці ў офіс ВНЖ, банк блакуе мабільную праграму і інтэрнэт-банкінг.

У абвестках, атрыманых кліентамі, «Santander» спасылаецца на дзве пастановы ЕЗ: «Аб абмежавальных захадах у звязку з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да агрэсіі Расеі супраць Украіны» і «Аб абмежавальных захадах у звязку з дзеямі Расеі, што дэстабілізуюць сітуацыю ва Украіне». Аднак у пункце адной з гэтых пастановаў (артыкул 5b) вядзецца пра абмежаванні толькі ў дачыненні грамадзянаў Расеі, але не Беларусі.

Ліст, што банк «Santander» даслаў кліентам – грамадзянам Беларусі.
Скрыншот: чытачы «Белсату»

Актывісты з Гданьску прыйшлі да высновы, што такім чынам «Santander» дыскрымінуе беларусаў паводле грамадзянства, а Канстытуцыя Польшчы забараняе такую дыскрымінацыю. Была створаная петыцыя, якую на момант публікацыі артыкула падпісалі больш за 500 асобаў.

«Мы працуем у самых розных галінах польскай гаспадаркі. Мы спраўна аплочваем прамыя і ўскосныя падаткі, сплачваем грошы ў ZUS. Мы ўбудаваныя ў польскую гаспадарку. Мы добра і хутка інтэгруемся ў польскае жыццё», – адзначаецца ў звароце.

Аўтары патрабуюць ад банку скасаваць усе абмежаванні, праз якія ўскладняецца аплата жылля, падаткаў, сацыяльных унёскаў, любыя грашовыя пераводы.

Петыцыя будзе накіраваная ў «Santander» і Камісію фінансавага нагляду (Komisja Nadzoru Finansowego, KNF).

Раней беларусы пісалі ў эмігранцкіх Telegram-чатах, што банк спасылаўся акурат на гэтую Камісію: маўляў, менавіта яна запатрабавала ўвесці новыя правілы ў дачыненні грамадзянаў Беларусі. Аднак кіраўнік дэпартаменту сувязяў з грамадскасцю KNF Яцэк Баршчэўскі ў каментары «Белсату» зняпраўдзіў гэтую інфармацыю:

«Тэза пра тое, што польскія банкі на патрабаванне Камісіі фінансавага нагляду пачалі ўводзіць істотныя абмежаванні ў дачыненні кліентаў – грамадзянаў Беларусі, не адпавядае рэчаіснасці. Камісія не давала такога патрабавання».

Ён адзначыў, што кожны банк працуе з замежнікамі паводле ўласных правілаў:

«Палітыка банкаў пры адкрыцці рахункаў нерэзідэнтаў заснаваная на індывідуальным падыходзе ў кожным канкрэтным выпадку. Банк кіруе сваімі рызыкамі і ў межах гэтага кіравання прымае рашэнні аб наладжванні або скасаванні супрацы з кліентам».

Баршчэўскі пры гэтым згадаў заканадаўства аб супрацьдзеянні адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму і падкрэсліў, што банкі абавязаныя ацэньваць рызыкі і «прымаць захады фінансавай бяспекі», аналізаваць аперацыі кліента. Дзеля гэтага і могуць патрабавацца дадатковыя дакументы, растлумачыў прадстаўнік Камісіі фінансавага нагляду.

«У выпадку немагчымасці ўжывання любой з захадаў фінансавай бяспекі абавязанне кожнага банку – не наладжваць дзелавых стасункаў з кліентам або спыніць існыя стасункі, а таксама не праводзіць аперацыі праз банкаўскі рахунак», – падсумаваў Яцэк Баршчэўскі.

«Белсат» накіраваў у банк «Santander» некалькі запытаў з просьбаю аб каментары. Мы пыталі, ці згодныя яны з абвінавачваннямі ў дыскрымінацыі, чаму былі ўведзеныя новыя правілы, ці абсалютна ўсе кліенты – грамадзяне Беларусі атрымалі патрабаванне прынесці ВНЖ, прасілі растлумачыць, які закон патрабуе ад беларусаў менавіта дазвол на жыхарства ў ЕЗ і менавіта тэрмінам дзеяння не менш за 12 месяцаў, раскрыць, чаму такое патрабаванне з’явілася менавіта цяпер, а не ў 2022 годзе, калі пачала дзеяць норма, на якую спасылаецца банк. Адказу на нашыя запыты мы не атрымалі.

Раней мы называлі Яцэка Баршчэўскага кіраўніком дэпартаменту сувязяў з грамадскасцю банку «Santander». Просім выбачыць за памылку.

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў